Skip to main content

У Тракелях прайшло свята для дзяцей, якія сёлета прымаюць Першую Камунію

фото 12 чэрвеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) прайшла сустрэча для дзяцей, якія сёлета прыступаюць да Першай Камуніі.

На гэтае свята, якое было магчымасцю падзякаваць Маці Божай Тракельскай за дар святой Камуніі, прыбылі дзеці з розных куткоў Гродзеншчыны, а таксама іх бацькі, катэхеты, духавенства.

Спачатку кожная парафія атрымала інтэрактыўнае заданне. Пасля адбылася Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй і на якой дзякавалі Богу за дар прыняцця святой Камуніі, прасілі аб святасці і ўзрастанні дзяцей у Божай ласцы.

Інтэрактыўнае заданне ўдзельнікі свята параўноўваюць з “кветкай веры, якую трэба было далікатна разгарнуць”, а пра гамілію, якую прамовіў на Імшы сакратар біскупа кс. Анджэй Ганчар, кажуць так: “Словы яго клаліся на сэрца ціха і глыбока: пра любоў, якая зыходзіць у хлебе, пра тое, што нават маленькае сэрца здольна змясціць бясконцасць”.

фото 1 20

“Спевы плылі над Тракелямі, свечкі палалі ярчэй за сонца. Прыгажосць гэтай Эўхарыстыі не апісаць словамі – на ёй трэба было быць, бачыць, як маленькія рукі складаліся ў малітве, як усміхаліся вусны, ледзь кранаючы гостыю, як слёзы радасці блішчэлі на шчоках бацькоў. Асаблівая атмасфера панавала ў гэты дзень – лёгкая, светлая, нібы само неба спусцілася на зямлю”, – распавядаюць удзельнікі.

Пасля Імшы, па словах удзельнікаў, “зямное жыццё вярнулася – з танцамі і гульнямі”.

Асобную падзяку прысутныя выказваюць “гаспадыням, якия шчыра клапаціліся пра кожнага, што нават абед стаў сапраўднай прыгодай”. “Смачныя стравы, хатні ўтульны настрой і дабрыня зрабілі гэты дзень яшчэ больш святочным. Дзеці бегалі з цукровай ватай, пухнатай і салодкай, як воблачка з казак. Усмешкі не сыходзілі з іх твараў – шчырыя, чыстыя, прамяністыя”, – паведамляецца нам.

фото 1 54

“Самым жаданым для кожнага” ўдзельнікі называюць фотаздымак з біскупам Уладзімірам Гуляем. Яны апавядаюць пра гэта так: “Чарга не сканчалася: дзеці туліліся да ягонага пляча, а біскуп схіляўся да кожнага, як да самага роднага. Яго вочы свяціліся радасцю, а рука дакраналася да дзіцячай галавы з такой пяшчотай, што нават навокал усё замірала. Бацькі спяшаліся зрабіць кадр – і не адзін, не два, а колькі змесціцца ў памяці тэлефона. Бо гэта не проста фотаздымак. Гэта момант, калі біскуп, пастыр стаў побач з маленькім чалавекам, які толькі што прыняў Бога”.

Удзельнікі сустрэчы ўпэўнены, што гэтыя здымкі “будуць захоўвацца ў сямейных альбомах гадамі, пераходзіць ад бацькоў да дзяцей, нагадваць пра гэты светлы, вялікі дзень у Тракелях, і кожны раз, гледзячы на іх, сэрца будзе раставаць ад цяпла і ласкі, якую падараваў біскуп”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Кацярына Баярчук