Skip to main content

У Каменцы адзначылі з удзелам біскупа Кашкевіча 55-годдзе святарства кс. Альгісa Паўлікасa

kamenka ks 8

25 красавіка, у свята св. евангеліста Марка, у Доме міласэрнасці ў Каменцы (Шчучынскі дэканат) адзначылі 55-годдзе з часу прыняцця кс. Альгісам Паўлікасам прэзбітэрскага пасвячэння.

Ксяндзу Альгісу ўдзяліў пасвячэнне 25 красавіка 1971 г. у Каўнасе біскуп Юзаф Лабукас. Пасля пасвячэння ксёндз Альгіс служыў на сваёй радзіме – у Літве, потым у Беларусі – у парафіях Найсвяцейшай Тройцы ў Індуры і Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад). У апошнія гады пражывае ў каменскім Доме міласэрнасці, якім кіруе Кангрэгацыя Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай).

Біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў Імшу падзякі Богу за дар жыцця ксяндза Альгіса і за дар яго паклікання да святарства. Прысутнічалі жыхары Дома міласэрнасці і мясцовыя парафіяне.

Сакратар біскупа кс. канонік Юрый Марціновіч у гаміліі адзначыў, што 55-годдзе святарства – нагода падзякаваць Богу за дар паклікання, якое ксёндз Альгіс спаўняе з вялікай руплівасцю і адданасцю. Ксёндз Юрый дадаў, што гэта таксама дзень удзячнасці для самога ксяндза Альгіса, які ў 90-я гады пакінуў радзіму і прыбыў у нашу краіну, каб падтрымаць сваім служэннем Касцёл у Беларусі, які ў той час пачынаў адраджацца.

kamenka ks 4

У канцы літургіі біскуп выказаў юбіляру падзяку за адданае служэнне ў Літве і Беларусі, пажадаў, каб Хрыстус Уваскрослы адорваў яго добрым здароўем на далейшыя гады і каб ён па меры магчымасці мог працягваць служыць Касцёлу.

Таксама ксяндза Альгіса павіншавалі кс. канонік Валерый Быкоўскі і кс. Павел Беланос (першы служыў разам з ім у адэльскай парафіі, другі – у індурскай) і каменскія парафіяне, якія выказалі яму падзяку за прыклад святарства і за добрае сэрца.

Дзякуючы прысутным за ўдзел у літургіі і за малітву, юбіляр сказаў, што на працягу гэтых 55 гадоў бачыў шмат чалавечых пакутаў і заўсёды стараўся аказваць людзям міласэрнасць і падтрымку. Ён дадаў, што хоча працягваць служыць людзям сваім жыццём і дзяліцца любоўю Бога.

Персаналу Дома міласэрнасці на чале з дырэктарам с. Фаўстынай Цыдзік, генеральнай настаяцельніцай Кангрэгацыі Сясцёр Маці Міласэрнасці, ксёндз Альгіс падзякаваў за клопат і дабрыню, якія адчувае, па яго словах, кожны дзень.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі