Skip to main content

Біскуп Аляксандр Кашкевіч узяў удзел у літургіі пахавання біскупа Казіміра Велікасельца

pogrzeb 15

12 лютага ў катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску адбылася пахавальная Імша i развітанне з біскупам эмерытам Казімірам Велікасельцам, які быў дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі.

Імшу цэлебраваў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Сярод шматлікіх удзельнікаў была вялікая колькасць духавенства, уключаючы іерархаў. Прысутнічаў таксама біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч і іншыя святары Гродзенскай дыяцэзіі.

На Імшы былі прачытаны спачуванні ў сувязі са смерцю біскупа Казіміра, выказаныя ад імя Папы Льва XIV Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці кардыналам П’етро Паралінам. Кардынал адзначае, што Папа “разам з усімі, хто возьме ўдзел у пахавальнай літургіі, узносіць падзяку Богу за служэнне, якое спачылы біскуп шчодра здзяйсняў дзеля дабра Касцёла ў ордэне братоў-прапаведнікаў, клапоцячыся між іншым пра вернікаў у розных супольнасцях, займаючыся будаўніцтвам касцёлаў і служачы гэтай касцёльнай структуры як генеральны вікарый”.

pogrzeb 16

У канцы Імшы пасля благаслаўлення, удзеленага прысутнымі біскупамі, былі здзейснены абрады апошняга развітання са спачылым, якія ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. Цела спачылага праводзілі ў жалобнай працэсіі да брамы касцёльнага пляцу, далей яно вырушыла да месца пахавання ў родных краях біскупа Казіміра – мястэчку Шарашова Пружанскага раёна.

Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, які па аб’ектыўных прычынах не мог удзельнічаць у апошнім развітанні з памерлым, падкрэсліў у сваіх спачуваннях, выказаных супольнасці Пінскай дыяцэзіі: “Усе, хто меў гонар асабіста з ім пазнаёміцца, будуць памятаць біскупа Казіміра як чалавека вялікай пакоры і сціпласці, чуласці і дабрыні, аматара літаратуры і мастацтва, клапатлівага святара і душпастыра, руплівага прапаведніка Божага слова і служыцеля святых сакрамэнтаў, шанаванага рэкалекцыяніста і духоўнага айца, нястомнага будаўніка не толькі матэрыяльных святыняў, але перш за ўсё жывога Касцёла”. 

Біскуп Казімір, які раптоўна адышоў у вечнасць 8 лютага, узначальваў у Гродзенскай дыяцэзіі розныя ўрачыстасці і наведваў парафіяльныя супольнасці, дзе ўдзяляў сакрамэнт канфірмацыі і маліўся разам з вернікамі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі