
Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй выказаў супольнасці Пінскай дыяцэзіі ў асобе біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі спачуванні ў сувязі са смерцю біскупа эмерыта Казіміра Велікасельца.
Ваша Эксцэленцыя, глыбокапаважаны біскуп Антоні,
Да мяне дайшла сумная вестка пра адыход да Пана дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі на пенсіі Казіміра Велікасельца OP.
Ад сябе асабіста, а таксама ад імя біскупа Аляксандра Кашкевіча, духавенства, кансэкраваных асобаў і вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі выказваю Вашай Эксцэленцыі мае самыя шчырыя спачуванні. Адрасую іх усёй супольнасці Касцёла на Піншчыне, якая аплаквае смерць свайго любімага пастыра, і асабліва родным і блізкім памерлага, якія наймацней перажываюць вялікі боль разлукі.
Няма сумненняў, што асоба і пастырскае служэнне біскупа Казіміра пакінулі след у нядаўняй гісторыі Каталіцкага Касцёла на яго любімым Палессі, а кранальнае сведчанне яго простай, але глыбокай веры, прыгожай чалавечнасці, святарскай і біскупскай руплівасці ёсць і будзе натхненнем для многіх хрысціян – духавенства і свецкіх – як у Беларусі, так і за яе межамі.
Усе, хто меў гонар асабіста з ім пазнаёміцца, будуць памятаць біскупа Казіміра як чалавека вялікай пакоры і сціпласці, чуласці і дабрыні, аматара літаратуры і мастацтва, клапатлівага святара і душпастыра, руплівага прапаведніка Божага слова і служыцеля святых сакрамэнтаў, шанаванага рэкалекцыяніста і духоўнага айца, нястомнага будаўніка не толькі матэрыяльных святыняў, але перш за ўсё жывога Касцёла, умацаванага на падмурку апосталаў і прарокаў, дзе сам Езус Хрыстус з’яўляецца вуглавым каменем (пар. Эф 2, 20).
Няхай Бог, Айцец Міласэрнасці, які пасля цяжкасцей зямной пілігрымкі ўзяў да сябе свайго вернага, руплівага і працавітага слугу, узнагародзіць паўнатой вечнай радасці ў нябеснай айчыне глыбокую веру біскупа Казіміра, яго шчырую любоў да Касцёла і яго клопат пра сапраўднае дабро даручанага яму вернага люду.
Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці Міласэрнасці, ахіне сваёй мацярынскай любоўю смуткуючых блізкіх, родных і сяброў памерлага біскупа Казіміра і ўсю супольнасць Касцёла на Піншчыне.
Вельмі шкадую, што па аб’ектыўных прычынах не змагу прыняць удзел у апошнім развітанні з біскупам Казімірам. Ужо цяпер запэўніваю Вашу Эксцэленцыю ў тым, што буду ў духоўным адзінстве з удзельнікамі Эўхарыстыі і пахавальнай цырымоніі, абяцаю асабістую малітву і прашу Уваскрослага Хрыста асвятліць смутак разлукі нязгасным ззяннем сваёй Пасхальнай Таямніцы.
Requiescat in pace!
З братэрскай павагай
Уладзімір Гуляй
Біскуп Гродзенскі
Брэмерхафен, 8 лютага 2026 г.






