
11 студзеня, у нядзелю Хросту Пана, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй цэлебраваў Імшу ў лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа, пробашчам якой быў некалькі гадоў.
У гаміліі біскуп сказаў, што гэтае свята “ўводзіць у таямніцу, якая адначасова адкрывае перад намі пачатак публічнага служэння Езуса Хрыста і дазваляе зазірнуць у самую глыбіню сэрца Бога, Які не задавольваецца тым, каб заставацца толькі на вышыні неба, а ў сваёй бязмежнай любові схіляецца да чалавека настолькі нізка, што становіцца побач з ім у чарзе грэшнікаў, каб разам з імі ўвайсці ў воды Ярдана, асвяціць іх сваёй прысутнасцю і зрабіць крыніцай новага жыцця для ўсяго чалавецтва”.
Па словах біскупа, у хросце Езуса “нябеснае і зямное, боскае і чалавечае, вечнасць і час, святасць і слабасць сустракаюцца не ў канфлікце, не ў супрацьстаянні, а ў таямніцы любові, якая не баіцца прынізіцца, каб узвысіць, не баіцца ўвайсці ў цемру, каб прынесці святло, не баіцца дакрануцца да раны, каб яе вылечыць”. Іерарх дадаў, што такім чынам становіцца бачна, “які ёсць Бог у Сваёй любові: Бог, які не аддаляецца ад чалавека ў хвіліну яго слабасці, не будуе муроў паміж Сваёй святасцю і нашай крохкасцю, а, наадварот, сыходзіць у самую глыбіню чалавечай гісторыі”.
Біскуп звярнуў увагу, што публічная дзейнасць Езуса і Яго шлях збаўлення пачынаюцца менавіта з гэтага “жэсту, які можа здацца амаль незаўважным”, са станаўлення “ў шэраг з тымі, хто шукае прабачэння”, а не з якогасьці цуду ці ўрачыстага абвяшчэння Яго моцы.
Рашэнне Езуса прыняць хрост, хоць Яму не патрабавалася ачышчэнне ад грахоў, іерарх патлумачыў так: “Яго адказ Яну Хрысціцелю: “Дазволь цяпер, бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва” – адкрывае перад намі глыбіню Божай справядлівасці, якая не зводзіцца да сухой юрыдычнай логікі, а з’яўляецца логікай любові і Божага збаўлення; логікі, якая ідзе не шляхам дыстанцыі, а шляхам блізкасці, не шляхам асуджэння, а шляхам салідарнасці, не шляхам уцёкаў ад чалавечай слабасці, а шляхам уваходжання ў яе”.

Сцэну, калі на Езуса сыходзіць Дух Святы ў выглядзе голуба, а Бог Айцец абвяшчае, што Езус Яго Сын, біскуп назваў адкрыццём “праўды пра пакліканне кожнага ахрышчанага чалавека, які ў сакрамэнце хросту быў уключаны ў тую ж самую любоў Айца, у якую спрадвеку ўключаны Яго Адзіны Сын”.
“У гэты момант мы становімся сведкамі таямніцы, у якой Айцец, Сын і Дух Святы з’яўляюцца перад светам не як абстрактная дактрына, а як жывая камунія любові, – адзначыў біскуп. – Мы павінны сёння мець адвагу пачуць у гэтых словах нешта вельмі асабістае, бо ў сакрамэнце хросту Бог таксама звярнуўся да кожнага з нас і сказаў: “Ты Мой умілаваны сын, ты Мая ўмілаваная дачка”, і ў гэтым слове змяшчаецца не толькі пяшчота Айца, але і пакліканне да новага жыцця, жыцця, якое ўжо належыць не толькі нам, але і Богу”.
Іерарх падкрэсліў, што хрост – “не проста прыгожы абрад з мінулага”, а “радыкальны пачатак новага існавання, у якім чалавек перастае належаць толькі самому сабе і пачынае належаць Хрысту, а значыць – пачынае жыць не толькі паводле логікі гэтага свету, але паводле логікі Евангелля”. Біскуп дадаў, што логіка Евангелля “не заўсёды простая, не заўсёды зручная, не заўсёды зразумелая”, але што менавіта ў ёй “хрысціянін знаходзіць не страту, а паўнату жыцця”.
“Касцёл, у якім мы жывём і які ствараем, – гэта не супольнасць дасканалых, а супольнасць ахрышчаных, якія ведаюць, што яны слабыя, але яшчэ больш ведаюць, што яны ўмілаваныя, і таму, нягледзячы на падзенні і цяжкасці, зноў і зноў падымаюцца, бо трымаюцца не за ўласную сілу, а за вернасць Бога”, – заўважыў біскуп.
Па яго словах, свята Хросту Пана – нагода падумаць над пытаннем: “Ці сапраўды я жыву як ахрышчаны, ці сведчаць маё жыццё, мае рашэнні, словы і адносіны да іншых пра тое, што я належу Хрысту, ці, можа, я занадта часта дазваляю, каб логіка гэтага свету была мацнейшай за логіку Евангелля?”
У канцы літургіі пробашч парафіі кс. канонік Віталій Сідорка падзякаваў біскупу за візіт, малітву і адрасаванае вернікам слова. Па просьбе пробашча іерарх удзяліў парафіяльнай супольнасці пастырскае благаслаўленне на новы год.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






