
28 снежня, у свята Святой Сям’і, парафія ў Верцялішках, якая носіць гэты тытул, адзначыла адпустовую ўрачыстасць. Імшу ў межах урачыстасці цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
У літургіі ўдзельнічалі шматлікія парафіяне, госці, святары дэканату Гродна-Усход, да якога адносіцца гэтая парафія.
Пробашч кс. Яўген Барысюк, вітаючы прысутных, назваў урачыстасць нагодай да асаблівай малітвы за ўсе сем’і, каб на ўзор Святой Сям’і яны будавалі сваё жыццё на Богу і з Богам.
Біскуп Гродзенскі ў гаміліі заўважыў, што “кожны чалавек выходзіць у жыццё праз сям’ю, кожны нясе ў сэрцы яе след, яе святло або яе раны, і менавіта таму гэтае свята закранае нас значна глыбей, чым можа падацца на першы погляд”.
“Святая Сям’я з Назарэта не з’яўляецца для нас далёкім ідэалам, прыгожым, але недасяжным узорам, – адзначыў іерарх. – Бо Святое Пісанне паказвае нам сям’ю, у якой прысутнічаюць страх, нявызначанасць, цяжкія рашэнні і цярпенне, але разам з тым – давер Богу, вернасць пакліканню і ціхая, настойлівая любоў, якая не шукае сябе, але гатова служыць. Заўважце: калі Бог хацеў увайсці ў гісторыю чалавецтва, Ён выбраў не шлях улады, не трыбуну, не сілу або знешні бляск, а сям’ю – бедную, уразлівую, залежную ад абставінаў, сям’ю, якая не ўсё разумела, але была гатовая давяраць. Езус нараджаецца не ў палацы, а ў стайні, не сярод моцных гэтага свету, а сярод тых, хто не меў нічога, акрамя надзеі, і ўжо з першых дзён свайго жыцця ўваходзіць у досвед нестабільнасці, уцёкаў, страху і адказнасці, якія перажываюць Яго бацькі. Гэта глыбокае пасланне для нашых сем’яў: Бог не чакае ідэальных умоваў, каб быць з чалавекам; Ён прыходзіць менавіта туды, дзе бракуе сілы, упэўненасці і адказаў”.
“Мы часта забываемся, што большая частка жыцця Езуса прайшла не ў цудах, а ў звычайнай працы, у клопатах, у сямейных адносінах. Назарэт – гэта не сцэна, а сямейны дом, кухня, двор, майстэрня. Там былі дні радасці і дні маўчання. Дні, калі ўсё атрымлівалася, і дні, калі было цяжка. І менавіта там Бог быў найбольш прысутны. Езус правёў большую частку свайго жыцця ў Назарэце – у цішыні дому, у працы, у адносінах з Марыяй і Юзафам, – падкрэсліў біскуп. – Бог, які мог адразу аб’явіць сябе свету, выбірае шлях сталення ў сям’і. Ён вучыць нас, што святасць нараджаецца ў звычайнасці: у супольнай малітве, у працы, ва ўзаемнай павазе, ва ўменні слухаць і прабачаць. Гэта вялікая таямніца: Бог не пануе – Ён вучыцца любіць па-чалавечы. Таму сям’я – першая школа любові, першая школа веры і першая школа чалавечнасці”.

Біскуп дадаў, што ў літургічных чытаннях гэтага дня Святая Сям’я паказана ў абставінах уцёкаў у Егіпет: “Езус, Марыя і Юзаф становяцца ўцекачамі (сёння мы б сказалі – мігрантамі), бо жыццё Дзіцяці знаходзіцца пад пагрозай. Гэта вельмі моцны вобраз для сучаснага свету, у якім так шмат сем’яў перажываюць страх, няпэўнасць, міграцыю, вайну і беднасць”.
Біскуп адзначыў, што святы Юзаф у Евангеллі “не прамаўляе ніводнага слова, але сваім жыццём кажа больш, чым доўгія прамовы, бо яго маўчанне напоўнена слуханнем Бога і гатоўнасцю дзейнічаць”; “у свеце, які часта баіцца абавязкаў і ўцякае ад адказнасці, яго постаць становіцца асабліва актуальнай і патрэбнай, бо паказвае, што сапраўдная мужнасць не ў гучных словах, а ў ціхай вернасці”; “ён з’яўляецца прыкладам адказнага бацькі, які бярэ на сябе цяжар рашэнняў дзеля дабра сям’і, вобразам адказнага бацькі, які давярае Богу нават тады, калі не бачыць будучыні”. Панна Марыя, па словах біскупа, – “Маці, якая не ўсё разумее адразу, але захоўвае ўсё ў сваім сэрцы, разважае, моліцца і давярае Богу нават тады, калі шлях вядзе праз цемру і боль; Яна вучыць нас, што любоў – гэта не кантроль і не дамінаванне, а слуханне, прысутнасць і давер, што асабліва важна ў нашых сем’ях, дзе часта пануе спакуса ўсё вырашаць сілай або ціскам”.
“Важна памятаць, што сям’я – гэта не толькі прыватная справа, а месца, дзе фарміруецца будучыня Касцёла і грамадства, бо менавіта ў сям’і чалавек вучыцца быць адказным, салідарным, здольным да ахвяры і любові. У свеце, які часта ставіць пад сумнеў сэнс шлюбу і вернасці, хрысціянская сям’я становіцца прароцкім знакам, які сведчыць, што любоў, заснаваная на Богу, магчымая і плённая. Памятайма: калі сям’я жыве верай, Касцёл жыве; калі сям’я моліцца, Касцёл дыхае; калі сям’я распадаецца, рана закранае ўвесь народ”, – звярнуў увагу пастыр дыяцэзіі.
“Мы не можам сёння гаварыць пра сям’ю, не згадваючы пра боль, які нясуць многія сем’і, – боль разводу, адзіноты, залежнасцяў, маўчання і неразумення. Святая Сям’я не асуджае такія сем’і, яна ідзе побач і нагадвае, што Бог можа пачаць нанова, нават там, дзе чалавеку здаецца, што ўсё скончана”, – сказаў біскуп.
Ён пажадаў, каб гэтае свята дапамагло “вярнуць малітву ў сям’ю, размову ў дом, прабачэнне – туды, дзе яно патрэбнае, Бога – у цэнтр нашага жыцця”, і заклікаў даручыць усе беларускія сем’і Святой Сям’і з Назарэта.
Парафіяне выказалі іерарху падзяку за дар супольнай малітвы, а таксама папрасілі ўдзяліць пастырскае благаслаўленне іх сем’ям, каб іх суправаджала Божая ласка і каб на ўзор Святой Сям’і яны будавалі сваё жыццё на любові, адзінстве, згодзе і веры.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






