Skip to main content

Сястра Людвіка Суравікіна адзначыла ў Лідзе срэбраны юбілей манаскага жыцця

photo 2026 10 12 08 49 45 210 кастрычніка ў лідскай парафіі Святой Сям’і адзначалася 25-годдзе манаскага жыцця с. Людвікі Суравікінай з Кангрэгацыі Дачок Марыі Беззаганнай.

Сястра Людвіка служыць у гэтай парафіі, найперш займаючыся катэхізацыяй дзяцей і моладзі.

Імшу з нагоды юбілею цэлебраваў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч. Прысутныя парафіяне мелі магчымасць падтрымаць юбілярку малітвай, просячы Бога аб неабходных ласках, моцы і вернасці для яе на далейшым шляху.

Біскуп, звяртаючыся да юбіляркі, падзякаваў за штодзённае сведчанне веры і адданае служэнне Касцёлу.

photo 2026 10 12 08 49 51

На літургіі сястра Людвіка аднавіла свае манаскія абяцанні, а ў канцы выказала падзяку – Богу, сваёй сям’і, святарам, манахіням, а таксама ўсім прысутным за малітву ў яе інтэнцыі.

Кангрэгацыя Дачок Марыі Беззаганнай бесхабітовая, але яе сёстры акрамя таго, што не носяць хабітаў, амаль нічым не адрозніваюцца ад іншых манахінь. Яна была заснавана дзеля праслаўлення Беззаганнага Зачацця Панны Марыі, таму тая, хто ў яе ўступае, становіцца ўласнасцю Маці Божай. Сёстры гэтай супольнасці пакліканы прыносіць сябе ў ахвяру Маці Божай як зброю для выратавання бліжніх малітвай, працай у патрэбах душы і цела, уласным прыкладам, быць анёламі-апекунамі для людзей на месцы свайго служэння. У Беларусі яны шмат гадоў служаць у Лідзе, а таксама ў Свіры (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі