12 кастрычніка ў лідскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа (Фара) прайшла сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў, якія паходзяць з гэтай парафіяльнай супольнасці.
Удзельнікі называюць сустрэчу гістарычнай. Сабрацца змаглі не ўсе святары і кансэкраваныя асобы з гэтай парафіі, аднак прыбыла большасць. Сёлета 6 кастрычніка споўнілася 30-годдзе з часу смерці а. Станіслава Роека SP, які шмат гадоў быў пробашчам лідскай Фары, і сустрэча была магчымасцю памаліцца за яго, а таксама правесці час у братэрскай святарскай супольнасці.
“Айцец Станіслаў на працягу многіх гадоў рупліва і аддана служыў Богу і людзям: удзяляў сакрамэнты, абвяшчаў Божае слова, удзяляў духоўныя парады падчас размоў і сустрэч, – адзначае а. Павел Федаровіч МІС. – Ягоны прыклад ахвярнага служэння быў асабліва заўважны для маладых хлопцаў, якія прыходзілі ў святыню.
Дзякуючы Божай ласцы, у лідскай парафіі пачалі з’яўляцца новыя пакліканні да святарскага і манаскага жыцця, каб і далей абвяшчаць Добрую Навіну ў сучасным свеце. Некаторыя юнакі ішлі ў семінарыю яшчэ ў час жыцця айца Станіслава, а некаторыя – ужо пасля яго адыходу ў вечнасць”.

Сустрэча распачалася вячэрнім ружанцовым набажэнствам, у якім удзельнічалі таксама парафіяне. Потым адбылася Імша, якую цэлебраваў кс. Павел Звяжынскі.
Пробашч лідскай Фары кс. канонік Віталій Сідорка, вітаючы прысутных, падкрэсліў адметнасць і важнасць гэтай падзеі для ўсёй парафіяльнай сям’і.
У гаміліі кс. Віктар Місевіч засяродзіў увагу на постаці айца Станіслава і прыгадаў факты з яго біяграфіі. Ён адзначыў актуальнасць вернасці Божаму пакліканню, якое, па яго словах, айцец Станіслаў рэалізаваў праз любоў і канкрэтныя ўчынкі. Ксёндз Віктар назваў гэты прыклад вернасці таму, да чаго цябе заклікаў Бог, важным арыенцірам як для прысутнага духавенства і кансэкраваных асобаў, так і для свецкіх вернікаў.
Ксёндз Віктар дадаў, што айцец Станіслаў ніколі не быў адзін – вакол яго заўсёды гуртаваліся людзі, бо ён служыў для іх і сярод іх. Прапаведнік заклікаў прысутных да ўзаемнай салідарнасці і падтрымкі, адзначыўшы, што варта азірнуцца вакол сябе і падумаць, каму сёння я магу дапамагчы і паслужыць.
У канцы літургіі а. Павел Федаровіч, выказваючы падзяку пробашчу і парафіянам, параўнаў асобу айца Станіслава з зернем, пра якое кажа Езус Хрыстус у Евангеллі: “Калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён” (Ян 12, 24). Па словах айца Паўла, сённяшнія вернікі збіраюць плёны пастырскага служэння айца Станіслава і адданасці парафіянаў мінулых часоў, гэта яскрава праяўляецца ў шматлікіх святарскіх і манаскіх пакліканнях з лідскай Фары, пра што сведчыла прысутнасць мясцовага духавенства. Такім чынам, адзначыў айцец Павел, бачны “жывы плён святарскага сэрца” а. Станіслава Роека.

Пасля Імшы ўдзельнікі сустрэчы супольна памаліліся на магіле айца Станіслава, папрасіўшы Пана адарыць свайго вернага слугу вечным супакоем.
Завяршылася сустрэча сумеснай вячэрай, якая, па словах удзельнікаў, прайшла ў цёплай і братэрскай атмасферы. Прысутныя дзяліліся ўспамінамі пра айца Станіслава, а таксама досведам свайго святарскага і манаскага служэння ў розных кутках Беларусі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






