Skip to main content

Біскуп Уладзімір Гуляй удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай

DSC 867811 кастрычніка на Імшы ў гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй удзяліў сакрамэнт канфірмацыі маладым вернікам гэтай парафіі і гасцям.

Вернікі рыхтаваліся да канфірмацыі праз удзел у катэхетычных занятках і літургіі, а таксама праз споведзь.

У гаміліі, разважаючы над літургічным чытаннем гэтага дня, біскуп сказаў: “Сёння Божае слова гаворыць пра запрашэнне, якое датычыць усяго нашага жыцця. Сам Бог запрашае чалавека да сябе. Прарок Ісая паказвае гасціну для ўсіх народаў, а Езус у Евангеллі распавядае пра караля, які справіў вяселле для свайго сына. У цэнтры гэтых вобразаў – Бог, які хоча падзяліцца з намі сваёй радасцю. Ён стварыў нас для жыцця ў еднасці з Ім”. Іерарх дадаў, што праз канфірмацыю таксама гучыць запрашэнне Бога: “Я хачу, каб ты жыў са Мною і нёс Маю любоў іншым”.

“Можа ўзнікнуць перакананне, што для Бога дастаткова таго, што застанецца пасля ўсіх іншых спраў. Але адносіны патрабуюць прысутнасці, – адзначыў біскуп. – Вера расце тады, калі мы слухаем Бога, размаўляем з Ім, прыходзім да Яго. Таму сённяшняя ўрачыстасць ставіць перад кожным з нас пытанне: якое месца Бог займае ў маім жыцці?”

“Няхай нядзельная Імша будзе для вас сустрэчай, якую вы чакаеце і беражэце, малітва – шчырай размовай, у якой можна расказаць Богу ўсё, споведзь – месцам, дзе вы дазваляеце Яму падняць вас і вярнуць радасць сэрцу, – пажадаў біскуп вернікам, якія прыступалі да канфірмацыі. – Перад Богам не трэба ўдаваць, што ты заўсёды моцны і што ў цябе ўсё атрымліваецца. Да Яго можна прыйсці з праўдай пра сябе. Менавіта такому чалавеку – сапраўднаму, з яго радасцямі і ранамі – Бог дае свайго Духа”.

“У гэтым сакрамэнце Бог умацоўвае вас сваёй прысутнасцю, – сказаў іерарх. – Вы пакліканы быць Яго сведкамі. Сведка Хрыста – гэта чалавек, у жыцці якога іншыя могуць заўважыць плён Евангелля, той, хто стараецца быць верным, умее прызнаць памылку, не праходзіць абыякава міма чужога болю, шукае праўду і не саромеецца сваёй веры. Такое жыццё патрабуе сілы”.

DSC 8767

Біскуп дадаў, што Дух Святы, які паводле вучэння Касцёла сыходзіць на чалавека ў канфірмацыі, дае мужнасць жыць верай, дапамагае прымаць рашэнні, якія набліжаюць да Бога, і распазнаваць тое, што аддаляе ад Яго, але для гэтага трэба слухаць Яго голас і супрацоўнічаць з Яго ласкай.

“У дзень хросту белае адзенне стала знакам таго, што мы апрануліся ў Хрыста. Нам быў дадзены новы пачатак. Сёння канфірмацыя ўмацоўвае нас, каб мы жылі паводле гэтай годнасці, – сказаў іерарх. – Гэты вясельны ўбор прымушае спытаць: ці дазваляю я Хрысту перамяняць маё сэрца? Ці гатовы пакінуць грэх, які разбурае мяне і раніць іншых? Ці хачу прыняць Яго любоў так, каб яна стала бачнай у маім жыцці? Гэта пытанні для ўсіх нас”.

Чалавекам, які адказаў сваім жыццём на гэтыя пытанні, біскуп назваў святога Максімільяна Марыю Кольбэ, які жыў і служыў у Гродне і належаў да супольнасці францішканаў, якія служаць у парафіі Маці Божай Анёльскай. “Перш чым аддаць жыццё за іншага чалавека ў Асвенціме, ён вучыўся аддаваць сябе ў малітве, у служэнні, у працы, у прыняцці цяжкасцяў. Ён дазваляў Хрысту выхоўваць сваё сэрца. Яго ахвяра адкрывае нам, да якой глыбіні можа дайсці любоў чалавека, умацаванага Божай ласкай. Там, дзе панавалі страх і нянавісць, ён застаўся здольным убачыць бліжняга і аддаць сябе дзеля яго”, – адзначыў іерарх і параіў вернікам папрасіць гэтага святога аб мужнасці любіць.

DSC 8772

Біскуп заклікаў вернікаў аддацца пад апеку Маці Божай Анёльскай, тытул якой носіць гэтая парафія і якой даручыў сваё жыццё святы Максімільян. “Марыя вучыць нас адказваць Богу з даверам. Яна не ведала ўсіх падрабязнасцяў свайго будучага шляху, але ведала Таго, каму давярае, – сказаў іерарх. – Няхай Яна дапаможа вам ісці за Хрыстом, калі вы будзеце перажываць радасць, і тады, калі прыйдуць цяжкасці”.

У канцы Імшы канфірмаваныя падзякавалі біскупу за ўдзяленне сакрамэнту і адрасаванае ім слова, а таксама выказалі ўдзячнасць сваім душпастырам і катэхетам на чале з пробашчам парафіі а. Сяргеем Мігуном OFMConv.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Баляслаў Гавецкі