Skip to main content

Парафія ў Азёрах адзначыла 350-годдзе

photo 2026 10 12 18 10 117 кастрычніка парафія Хрыста Валадара Сусвету ў Азёрах (дэканат Гродна-Усход) адзначыла 350-годдзе.

Парафія мае багатую гісторыю. Вядома, што ў 1669 г. у Азёрах быў філіяльны касцёл гродзенскай парафіі, а самастойная парафія была заснавана ў 1676 г. Праз тры гады на сродкі парафіян быў пабудаваны касцёл пад тытулам Маці Божай Ружанцовай. Тады святыня стаяла амаль пасярод рынкавай плошчы. У 1745 г. касцёл узгадваецца як новы драўляны трохвежавы, у галоўным алтары якога знаходзіцца абраз Панны Марыі. У 1779 г. святыня была адноўлена на сродкі караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, а ў канцы ХIХ ст. стан святыні вызначаўся як “убогі”. У 1944 г. касцёл спалілі гітлераўцы, і парафіяне з пробашчам кс. Баляславам Гаўрыхоўскім адразу ж стварылі часовую капліцу са звычайнай хаты. Праз два гады парафія засталася без пастаяннага пробашча, у 1962 г. савецкія ўлады зачынілі капліцу, а пасля знеслі і пабудавалі на гэтым месцы Дом культуры.

Адраджэнне парафіі пачалося ў 1991 г., калі да вернікаў пачаў ездзіць кс. Станіслаў Гаўлік CMF. Спачатку маліліся на вуліцы, потым паставілі драўляную капліцу, пасля пачалі будаваць на ранейшым месцы мураваны касцёл. 23 ліпеня 1994 г. біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч умураваў у сцяну будучага касцёла вуглавы камень, які ў 1991 г. благаславіў Папа Ян Павел II. Ксёндз Станіслаў памёр у 1996 г., і будаўніцтва скончыў новы пробашч, кс. Юрый Вяжхоўскі CMF. Касцёл пад тытулам Хрыста Валадара Сусвету біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў 23 лістапада 1997 г.

Імшу падзякі Богу за дар гэтай парафіі цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае яе супольнасць сёння і належаў да яе раней, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, прысутнічалі шматлікія парафіяне і госці.

У гаміліі біскуп адзначыў: “Гісторыя парафіі – гэта гісторыя сустрэч чалавека з Богам, які ніколі не перастае шукаць сваіх дзяцей”. Па яго словах, тое, што ў 1679 годзе касцёл у Азёрах быў пабудаваны на сродкі вернікаў, сведчыць пра іх адказнасць за супольнасць, а ў тым, што касцёл стаяў амаль пасярод рынкавай плошчы, ёсць “нешта вельмі красамоўнае: сярод штодзённага жыцця, чалавечых сустрэч, працы і клопатаў нашыя продкі знайшлі месца для Бога”.

Біскуп прапанаваў падумаць над пытаннем: “Што мы перададзім тым, хто прыйдзе пасля нас?” “Езус Хрыстус адкрывае нам Айца, вучыць любіць і збірае рассеяных дзяцей Божых у адзіную сям’ю. Таму ў цэнтры жыцця парафіі заўсёды павінен быць Хрыстус: Яго слова, Яго ахвяра, Яго прысутнасць у Эўхарыстыі, – сказаў іерарх. – Сёння ваша парафія носіць тытул Хрыста Валадара Сусвету. Гэты тытул нагадвае нам, каму належаць нашыя сэрцы і за кім мы ідзём. Хрыстус валадарыць любоўю. Яго трон – крыж, а Яго перамога – перамога над грахом і смерцю. Прызнаць Яго сваім Валадаром азначае дазволіць Яму перамяняць нашыя адносіны, рашэнні і штодзённыя ўчынкі”.

photo 2026 10 12 18 10 09

“Праз хрост Бог уключыў нас у жыццё Хрыста і зрабіў членамі Яго Цела. Мы належым Яму і таму належым адно аднаму. Вера, якую мы вызнаём, мае асабістае вымярэнне, але расце ў супольнасці: калі мы слухаем Божае слова, прымаем сакрамэнты, падтрымліваем адно аднаго і служым тым, хто ў патрэбе, – дадаў біскуп – Кожны мае ў гэтай супольнасці сваё месца і пакліканне”.

Па словах іерарха, юбілей запрашае “паглядзець на парафію вачыма Езуса”, падумаць над пытаннямі: “Ці заўважаем мы чалавека, які перажывае самоту? Ці знаходзім час для хворага? Ці дапамагаем сям’і, якая апынулася ў цяжкасці? Ці ўмее чалавек, які даўно не быў у касцёле, адчуць сярод нас, што яго чакаюць?” “Супольнасць Божага народу становіцца бачнай там, дзе вера прыносіць плён любові. Прыгажосць святыні асабліва прамаўляе тады, калі ёй адпавядае прыгажосць чалавечых адносін”, – падкрэсліў біскуп.

На яго думку, у адказе Панны Марыі анёлу ў час звеставання: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова” адкрываецца “шлях кожнага хрысціяніна і ўсяго Касцёла: спачатку – слуханне Бога, потым – давер і нарэшце – гатоўнасць адказаць усім сваім жыццём”. “Марыя вучыць нас веры, якая прымае Божае слова і захоўвае яму вернасць нават калі шлях становіцца цяжкім. (…) І нашае «так» Богу патрабуе штодзённай вернасці: у сям’і, у святарскім служэнні, у працы, у хваробе, у адносінах з людзьмі. Мы не заўсёды ведаем, што чакае нас наперадзе. Але можам давяраць Таму, для каго няма нічога немагчымага”, – заўважыў біскуп.
“Колькі разоў за гэтыя стагоддзі ў Азёрах гучала малітва «Вітай, Марыя»! – дадаў ён. – Бог ведае кожнага чалавека і кожную малітву, прамоўленую з любоўю. Захоўвайце гэтую спадчыну”. “Знаходзьце ў сем’ях час для супольнай малітвы, – заклікаў біскуп. – Няхай ружанцовая малітва яднае пакаленні і дапамагае нам быць бліжэй да Езуса. Тытул Маці Божай Ружанцовай, з якім пачыналася гісторыя парафіі, і сённяшні тытул Хрыста Валадара Сусвету раскрываюць адзіную духоўную дарогу. Марыя заўсёды вядзе нас да свайго Сына. Углядаючыся ў Яе веру, мы вучымся прымаць валадарства Хрыста ў нашым жыцці”.

Біскуп пажадаў парафіі быць “месцам, дзе людзі дапамагаюць адно аднаму ісці да Бога, дзе ёсць прастора для сустрэчы, прабачэння і служэння”, і пажадаў, каб найлепшым плёнам гэтага юбілею была “адноўленая вера: чалавек, які пасля доўгага часу вернецца да споведзі; сям’я, якая зноў пачне маліцца разам; суседзі, якія знойдуць сілы паяднацца; малады чалавек, які пачуе Божы заклік і адважыцца адказаць”.

Пробашч кс. Томаш Ксянжкевіч CMF выказаў падзяку за ўдзел у святкаванні прысутным, у тым ліку біскупу, іншым святарам, прадстаўнікам мясцовай улады і гасцям, а таксама падзякаваў сваім парафіянам за “стварэнне гісторыі і дух малітвы, які яднае ўсіх у сям’ю Божых дзяцей”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі