4 кастрычніка гродзенская парафія Маці Божай Анёльскай, дзе служаць францішкане, адзначыла адпустовую ўрачыстасць у гонар св. Францішка Асізскага. Імшу цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
На памяць аб сваёй сувязі з гэтай парафіяй арцыбіскуп пакінуў у касцёле тры воты – для алтароў Маці Божай Анёльскай, святога Антонія і святога Францішка. Да гэтай парафіі іерарх належаў, калі жыў у Гродне, потым ён быў яе пробашчам.
Сёлетняя адпустовая ўрачыстасць у парафіі мела асаблівы характар, бо святкавалася ў 800-ю гадавіну з часу смерці Францішка Асізскага, які заснаваў тры супольнасці: ордэн францішканаў, жаночы ордэн кларысак, якіх таксама называюць бернардынкамі, і свецкі францішканскі ордэн, членаў якога называлі тэрцыярыямі.
У гаміліі арцыбіскуп адзначыў, што святы Францішак сваёй паслухмянасцю Хрысту, пакорай, служэннем і павагай да стварэння змяніў свет. Па словах іерарха, на тое, што Францішак стаў успрымаць свет як жорсткі і несправядлівы, паўплывалі хуткія сацыяльныя змены на рубяжы ХІІ-ХІІІ стагоддзяў; кульмінацыяй яго духоўнага перамянення стала аб’яўленне яму Езуса Хрыста, які загадаў яму аднавіць Касцёл.
“У драматычнай сітуацыі дэгуманізацыі, якая наступіла ў выніку сацыяльнай несправядлівасці, Францішак убачыў аблічча ўкрыжаванага, спагадлівага і міласэрнага Езуса, які любіць усіх. Гэтая сустрэча змяніла яго сэрца і розум, дазволіла яму нанова адкрыць надзею, супакой і радасць, – сказаў арцыбіскуп. – Францішак не ўцякаў ад праблем свайго часу, а прапанаваў для іх вырашэння любоў, міласэрнасць, спачуванне і надзею. Для гэтага ён заснаваў супольнасць францішканаў і, будучы манахам, заставаўся чалавекам справы. У выніку дзякуючы Божай ласцы і яго намаганням немагчымае станавілася магчымым”.
Іерарх дадаў, што галоўная мэта Года святога Францішка, які праходзіць цяпер у Касцёле, – “аднаўленне духоўнага жыцця вернікаў, прымірэнне паміж народамі і клопат пра стварэнне як наш агульны дом”, і што для яе рэалізацыі трэба ўспомніць загад Езуса Францішку: “Аднаві Мой Касцёл”. “Усё больш відавочнай становіцца культура граху, смерці, абыякавасці да чалавечых пакут, амаральнасці, страты надзеі, – сказаў арцыбіскуп. – Людзі страцілі пачуццё годнасці Божых дзяцей і замкнуліся ў бачанні жыцця без надзеі і прысутнасці Бога. (…) Развіццё навукі і тэхналогій неабходна, але, калі яно адбываецца не ў адпаведнасці з маральнымі нормамі, то, прапаноўваючы часовыя рашэнні, можа аддаліць чалавека ад дабра, якога ён прагне, як падкрэсліў Папа Леў XIV падчас нядаўняга візіту ў Францыю. Маральныя праблемы сучаснасці бачныя няўзброеным вокам”.

Па словах арцыбіскупа, “вялікія каталіцкія рэформы пачыналіся са святых; пасля перыядаў вялікага крызісу з’явіліся рэфарматары, сярод якіх Францішак”.
“У сучасным свеце, якому пагражаюць многія небяспекі, Касцёл валодае чымсьці незвычайным – вечна жывым і актуальным Божым словам, сакрамэнтамі, Эўхарыстыяй, традыцыяй і прыкладам святых, у тым ліку Францішка, які вучыць нас, што толькі глыбокая вера і любоў да бліжняга дапамогуць пераадолець маральны крызіс нашага часу і аднавіць Касцёл, – падкрэсліў іерарх. – Святы Францішак застаецца актуальным у ХХІ стагоддзі. Ён прапанаваў эфектыўную вакцыну супраць пандэміі духоўных і сацыяльных хвароб свайго часу, якая заключаецца ў тым, каб ісці за Езусам у адпаведнасці з Евангеллем з улікам выклікаў дадзенага часу”.
“Святы Францішак змяніў свет сваім прыкладам, бо верыў, што жыццё, пражытае належным чынам і заснаванае на Евангеллі, валодае вялікай творчай сілай, здольнай змяніць свет”, – адзначыў арцыбіскуп і дадаў, што “Евангелле найбольш эфектыўна абвяшчаецца не магутнымі арганізацыямі, а асобнымі людзьмі”.
Гамілію ён завяршыў просьбай да святога Францішка: “Падтрымай нас у барацьбе за перамогу дабра над злом, ласкі над грахом, міласэрнасці над нянавісцю, міру над збройнымі канфіліктамі, каб мы маглі стаць супрацоўнікамі Бога ў будаўніцтве новага грамадства, заснаванага на прынцыпах Евангелля”.
У канцы літургіі парафіяне і пробашч а. Сяргей Мігун OFMConv, дзякуючы арцыбіскупу за дар супольнай малітвы, пажадалі яму добрага здароўя, каб ён мог служыць Касцёлу доўгія гады.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Баляслаў Гавецкі






