4 кастрычніка парафія апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі адзначыла адну са сваіх адпустовых урачыстасцяў – у гонар святога Францішка.
Паколькі гэты святы – апякун навакольнага асяроддзя, то, акрамя малітвы за парафію праз яго заступніцтва, у гэты дзень адбыліся таксама дажынкі – вернікі па традыцыі дзякавалі Богу за вырашчаныя на сваіх палетках і прысядзібных гародах садавіну і гародніну.
Да святкавання ў парафіі падрыхтавалі адпаведныя дэкарацыі і арыгінальныя дары. Разам праявілі фантазію і энтузіязм малітоўныя групы, духавенства, моладзь і старэйшыя вернікі.
Як паведамляе з парафіі Раман Ярмош, урачыстасць стала “не толькі магчымасцю паказаць свае творчыя здольнасці, але і адметным рэлігійна-культурным святам”. Напярэдадні адпусту адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, разважанні да якой падрыхтавала моладзь.

У дзень свята для іўеўчан і гасцей прайшоў канцэрт арганнай музыкі – апошні ў Іўі ў межах фестывалю арганнай музыкі “Ars Magna Organi”. З чэрвеня па кастрычнік у Іўі адбылося чатыры канцэрты, яны былі прымеркаваны да парафіяльных адпустаў і Дня горада і, па словах Рамана Ярмоша, “пакінулі пасля сябе добры духоўны і культурны след”.
Успамін Францішка Асізскага ў Іўі мае старажытныя карані. З пачатку XVII да сярэдзіны XIX стагоддзя там існаваў кляштар бернардынаў – аднаго з адгалінаванняў францішканскай супольнасці. Існавалі таксама брацтвы святой Ганны і святога Антонія, праводзіліся рэкалекцыі для святароў, у бернардынаў была бібліятэка, якая налічвала амаль паўтысячы кніг, духоўная школа – так званая школа рыторыкі, школа для дзяцей. Адметнай рысай бернардынскага касцёла былі дадзеныя яму Папамі Бэнэдыктам XIV, Піем VI і Клімэнтам XIV прывілеі адпустаў на святы святога Антонія, Маці Божай Анёльскай, святога Францішка, Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і апосталаў Пятра і Паўла – амаль усе яны адзначаюцца ў парафіі і сёння. Таксама манахі пакінулі пасля сябе багатую матэрыяльную спадчыну. Пабудаваны для іх кляштар перажыў часы занядбання, а ў самім касцёле з часоў манахаў засталіся абразы святога Францішка і Маці Божай Снежнай.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






