5 кастрычніка ў Гродне з нагоды пачатку 2026/2027 катэхетычнага года прайшла сустрэча катэхетаў Гродзенскай дыяцэзіі.
Удзельнічалі святары, кансэкраваныя і свецкія асобы – тыя, хто займаецца катэхізацыяй у парафіях. Пачалася сустрэча Імшой у касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Іерарх маліўся за ўсіх катэхетаў дыяцэзіі і іх вучняў.
У гаміліі біскуп сказаў, што заклік Езуса Хрыста “Ідзі і ты рабі так” з літургічнага чытання гэтага дня можна прыняць як духоўную праграму катэхетычнага года: “Езус запрашае нас увасабляць пачутае слова ў жыццё, пасылае нас да чалавека, якому патрэбныя нашая прысутнасць, увага і любоў”.
“Мы хочам, каб дзеці і моладзь ведалі праўды веры, разумелі запаведзі, вучыліся маліцца. Але нашае служэнне павінна дапамагаць ім таксама жыць верай: прабачаць, гаварыць праўду, заўважаць самотнага, падтрымліваць слабейшага, браць адказнасць за свае ўчынкі, – адзначыў біскуп. – Вера пранікае ў жыццё чалавека тады, калі ён пачынае пытацца: як сёння паступіў бы Езус? Як я магу адказаць на Яго любоў? Каму магу дапамагчы?”
“За кожным імем у спісе вашых вучняў стаіць непаўторнае жыццё. Хтосьці прыходзіць з радасцю, хтосьці – з унутраным супрацівам, а хтосьці нясе ў сэрцы боль, пра які не ўмее расказаць”, – сказаў іерарх і прапанаваў катэхетам “паглядзець на вучняў вачыма Хрыста: перш чым зрабіць заўвагу, пастараемся зразумець; калі трэба выправіць – зробім гэта з павагай; калі чалавек памыліўся – дапаможам яму ўбачыць шлях наперад”.
Біскуп нагадаў, што катэхетам важна звяртацца да малітвы, Эўхарыстыі, сакрамэнту пакаяння: “Калі мы самі спазнаём Божую міласэрнасць, нам лягчэй быць міласэрнымі да іншых”.

Паколькі ў гэты дзень адзначаўся ўспамін св. Фаўстыны Кавальскай, па ўказаннях якой быў напісаны абраз Езуса Міласэрнага, біскуп пажадаў катэхетам, каб змешчаныя на гэтым абразе словы “Езу, давяраю Табе” суправаджалі іх на працягу катэхетычнага года, параіў “паўтараць іх перад заняткамі і пасля, у хвіліны радасці і калі праца здаецца бясплённай”.
Неабходнай рысай катэхета ён назваў таксама вернасць Евангеллю. “Святы Павел з вялікай рашучасцю абараняе Добрую Навіну, якую атрымаў ад Хрыста. Ён разумее, што ад вернасці гэтай праўдзе залежыць духоўнае жыццё супольнасці, – адзначыў біскуп, разважаючы над літургічным чытаннем. – І нам трэба памятаць: чалавек мае права пачуць Евангелле ва ўсёй яго паўнаце, пазнаць Хрыста, які любіць і прабачае, заклікае да навяртання і вучыць несці крыж. Наша задача – дапамагаць зразумець Яго слова і прыняць яго сэрцам. Таму наш абавязак – клапаціцца пра ўласную фармацыю, паглыбляць веданне Святога Пісання і вучэння Касцёла”.
Іерарх нагадаў, што ў гэты час праходзіць Сінод Гродзенскай дыяцэзіі, у сувязі з чым падкрэсліў, што катэхетам трэба “бачыць людзей: дзяцей і моладзь, бацькоў, сем’і, тых, хто актыўна ўдзельнічае ў жыцці парафіі, і тых, хто паступова ад яе аддаляецца. “Ваш голас важны для Сіноду. Вы можаце дапамагчы лепш зразумець, чым жыве маладое пакаленне, што яго непакоіць і што перашкаджае яму адкрыцца на Бога”, – дадаў біскуп. Асабліва важным ён назваў будаўніцтва сувязі з бацькамі: “Дапамагайце бацькам адкрываць іх уласнае пакліканне да перадачы веры. Запрашайце іх да супольнай малітвы і жыцця сакрамэнтамі, цярпліва суправаджаючы на гэтым шляху”.
“Дзякую за кожнае дзіця, якому вы дапамаглі зрабіць крок да Езуса; за кожную размову, у якой вы падтрымалі надзею; за кожную малітву за вашых вучняў”, – сказаў біскуп катэхетам і пажадаў, каб Бог благаславіў новы катэхетычны год і сінадальны шлях дыяцэзіі.
Пасля Імшы адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Потым у Гродзенскай курыі духоўны айцец Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі кс. Андрэй Лішко выступіў з канферэнцыяй “Сучасныя выклікі ў катэхізацыі (інтэрнэт, штучны інтэлект)”.
Ксёндз Андрэй адзначыў, што інтэрнэт і штучны інтэлект перасталі быць выключна тэхналагічнымі інструментамі, а сталі новым асяроддзем жыцця і выхавання маладога пакалення. Па яго словах, катэхет як праваднік і сведка веры павінен дапамагаць дзецям і моладзі існаваць у інфармацыйным шуме. Галоўнай задачай катэхета ён назваў мудрае асвойванне тэхналогій, згодна з голасам Касцёла, а не барацьбу з імі. Святар дадаў, што тэхналогіі могуць дапамагаць у перадачы ведаў, аднак адзіным пасрэднікам у перадачы жывой веры застаецца жывы чалавек.
Завяршылася сустрэча абедам у сталовай семінарыі, у час якога катэхеты маглі падзяліцца назіраннямі са служэння ў парафіях.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






