26 верасня былі ўскладзены кароны на абраз, які знаходзіцца ў касцёле парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адамавічах (Сапоцкінскі дэканат).
Імшу, на якой адбылося ўскладанне карон, цэлебраваў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, прысутнічалі шматлікія вернікі парафіі. Ініцыятарам ускладання карон быў пробашч кс. Аляксандр Шэмет. Такім чынам ён хацеў падкрэсліць, якой вялікай пашанай атачаюць абраз парафіяне.
На абразе Панна Марыя прадстаўлена як Каралева неба і зямлі. Маці Божая, якая сядзіць на аблоках і трымае на левым плячы Немаўля Езуса, – цэнтральная постаць абраза. Над галовамі Марыі і Езуса бачная вялікая каралеўская карона. Яе падтрымліваюць два анёлкі, якія ўзносяцца ў паветры, што сімвалізуе каранацыю Маці Божай. Карона падкрэслівае годнасць Марыі і ролю ў рэалізацыі збаўчых планаў Бога.

Абраз ушаноўваецца ў парафіі даўно. Першы касцёл у Адамавічах быў пабудаваны ў XVI стагоддзі, запісы пра святыню, у якой знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай Адамавіцкай, датуюцца 1677 годам.
У парафіі адзначаюць, што гэты абраз – не проста каштоўны помнік даўніны, а перш за ўсё сэрца парафіяльнай супольнасці, што ад яго сыходзіць “выключнае, цёплае і вельмі блізкае чалавеку пасланне” і што ўскладанне карон было выразам удзячнасці вернікаў за ласкі, атрыманыя праз заступніцтва Панны Марыі. “Гэтыя кароны – абавязак для нас штодня жыць паводле падказак Маці Божай і з даверам даручаць Ёй свае клопаты”, – кажуць у парафіі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Баляслаў Гавецкі






