Skip to main content

У гродзенскім назарэтанскім Доме мамы прайшоў майстар-клас для дзяўчынак “Мая першая вясна”

IMG 39434cb496252cb41241cf229ec1409e V26-27 верасня ў гродзенскім Доме мамы, заснаваным Кангрэгацыяй Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, прайшоў майстар-клас для дзяўчынак і іх маці “Мая першая вясна”.

Праводзіў майстар-клас настаўнік натуральнага планавання сям’і. У мерапрыемстве ўдзельнічала 14 дзяўчынак са сваімі маці.

“Час быў напоўнены цеплынёй і любоўю, праляцеў незаўважна, – кажуць удзельнікі. – Ішла беражлівая размова пра сталенне, пра тое, як цудоўна Пан стварыў жанчыну. Мы акунуліся ў атмасферу даверу, на інтэрактыўных занятках дзяўчынкі маглі адкрываць для сябе дзіўны свет жаноцкасці. Размаўлялі пра самае патаемнае — жаночыя сакрэцікі, тое, як змяняюцца цела і эмоцыі. І ўсё гэта – без страху, з любоўю і прыняццем. Мы вучыліся чуць і разумець сябе, клапаціцца аб сваім здароўі. Гэта была не проста сустрэча, а сапраўднае падарожжа ў свет першай вясны – часу, калі дзяўчынка расцвітае”.

Маці, якія ўдзельнічалі ў мерапрыемстве, кажуць:

“Дачка ў захапленні, ды і мамам, думаю, гэтая інфармацыя была карысная. Дзякуй, што простай мовай і такім маляўнічым матэрыялам змаглі данесці нашым дзяўчынкам такія важныя веды!”

“У думках рыхтавалася да размовы на гэтую тэму з дачкой у бліжэйшай будучыні, але майстар-клас стаў маім выратаваннем і штуршком да новых пазнанняў і пытанняў. Так даступна і наглядна я б дакладна не распавяла”.

“Ніколі б не падумала, што рэквізіт можа быць такім цікавым і займальным. Шыкоўная праца, клопат і даступнасць матэрыялу!”

“Дзякуй за такую мілую і пазнавальную лекцыю. Цікавы выклад матэрыялу, наглядна і даступна для разумення. Яшчэ мне спадабалася, што асноўныя працэсы названы сваімі імёнамі – з улікам дзіцячага ўзросту. Калі сама размаўляю на такія тэмы, неяк саромеюся і складана падабраць патрэбныя словы. Мне ў дзяцінстве такой інфармацыі не данеслі, было шмат страхаў і нейкай агіды да натуральных працэсаў”.

Арганізатары дзякуюць “кожнай маме, якая знайшла сілы і час прыйсці”, і “кожнай дзяўчынцы за давер і адкрытасць”, а таксама кажуць: “Калі вы адчуваеце, што вашай дачцэ ўжо пара распавесці пра сталенне беражліва і з любоўю, сачыце за анонсамі. Мы абавязкова паўторым!”

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі