Пасля наведвання гары Гаргана наша пілігрымка з нагоды 35-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі працягнулася ў Монтэ-Касіна. Тут, на вяршыні гары, святы Бэнэдыкт заснаваў кляштар, які стаў адным з найважнейшых асяродкаў манаскага жыцця ў Еўропе. Тут ушаноўваецца таксама памяць яго сястры, святой Схаластыкі.
У гэтым месцы мы разважалі пра тое, як жыццё, прысвечанае малітве і вернаму штодзённаму служэнню, можа прыносіць плён на працягу стагоддзяў. Узгадвалі і трагічную гісторыю абацтва, разбуранага падчас Другой сусветнай вайны і адноўленага пасля яе.
Наступным пунктам нашага шляху стаў Рым. У катакомбах святога Калікста мы цэлебравалі Імшу. Падземныя калідоры, дзе знайшлі спачын многія хрысціяне першых стагоддзяў, дапамагалі асабліва глыбока адчуць сувязь з Касцёлам, які захоўваў веру нават у часы пераследу. Тут знаходзіцца і вядомая Крыпта Папаў, у якой былі пахаваныя Папы III стагоддзя. Малітва ў гэтым месцы нагадала нам: мы належым да той самай супольнасці веры, якую перадалі нам папярэднія пакаленні.

Пасля Імшы мы знаёміліся з Вечным горадам. Рым адкрываўся перад намі праз свае святыні, плошчы і вуліцы, праз аповеды пра апосталаў, мучанікаў і гісторыю Касцёла. Інфармацыі і ўражанняў было так шмат, што хацелася затрымацца амаль у кожным месцы.
Асаблівым днём стала нядзеля. Раніцай у базыліцы святога Пятра мы мелі ласку цэлебраваць Імшу каля гроба святога Яна Паўла II. Для пілігрымаў з Гродзеншчыны гэтая малітва мела асабістае значэнне: менавіта Ян Павел II утварыў Гродзенскую дыяцэзію, 35-годдзе якой мы адзначаем сёлета.
На Эўхарыстыі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй маліўся за біскупа-сеньёра Аляксандра Кашкевіча, які на працягу многіх гадоў вёў нашу дыяцэзію, і за ўвесь Касцёл на Гродзеншчыне.
Мы ахапілі малітвай святароў і кансэкраваных асобаў, семінарыстаў і ўсіх вернікаў; тых, хто з самага пачатку будаваў жыццё маладой дыяцэзіі, і тых, хто працягвае гэтае служэнне сёння. Мы дзякавалі за пражытыя 35 гадоў, за веру, якая перадавалася ў сем’ях і парафіях, за людзей, якія неслі Евангелле нават у цяжкія часы.
Прасілі таксама, каб Пан благаславіў будучыню нашай дыяцэзіі і кожнага, хто знаходзіць у ёй свой духоўны дом.
Разам з пілігрымамі на Імшы маліліся ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока, які на працягу апошніх гадоў служыў у Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі, а таксама ксёндз доктар Раман Суша, выкладчык Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме і слухач Папскай касцёльнай акадэміі. З ім быў яго аднакурснік з Акадэміі, айцец Луанж. Іх прысутнасць стала для нас цёплым знакам еднасці Касцёла, якая выходзіць далёка за межы краін і моў.

Пазней мы працягнулі знаёмства з Рымам і яго базылікамі. Было вельмі горача, але нават спёка не магла засланіць радасці ад убачанага і перажытага. Мы дзяліліся ўражаннямі, маліліся і ўсё больш адчувалі сябе адной пілігрымскай сям’ёй.
На наступны дзень мы завіталі ў Кашу, да мясцін, звязаных са святой Рытай, а затым накіраваліся ў Асізі. Горад святога Францішка даў нам магчымасць яшчэ бліжэй пазнаёміцца з яго жыццём, убачыць месцы, звязаныя са святой Кларай, і памаліцца там, дзе знаходзіцца гроб святога Карло Акуціса.
У Асізі мы таксама цэлебравалі Імшу. Тут біскуп Уладзімір асаблівым чынам маліўся за ўсіх кансэкраваных асобаў і манаскія супольнасці, у тым ліку за тыя, што служаць у Гродзенскай дыяцэзіі. Ён прасіў Пана ўмацоўваць іх у вернасці пакліканню і пасылаць Касцёлу новых работнікаў: святароў, законнікаў і законніц, місіянераў і місіянерак. У горадзе Францішка і Клары гэтая просьба гучала асабліва выразна. Іх жыццё нагадвае, як шмат можа зрабіць чалавек, які адважна адказвае Богу: “Так”.
Менавіта ў Асізі мяне чакала сустрэча, якую я ўспрымаю як асаблівы Божы дар. Пасля наведвання касцёла, дзе спачывае святы Карло Акуціс, я нечакана сустрэў яго маму, Антонію Сальцана. Яна з цеплынёй запытала, адкуль я прыехаў, дастала з сумкі рэліквіі свайго сына і сказала, што будзе за мяне маліцца.
Гэта была кароткая сустрэча, але ў ёй было столькі любові і радасці! Усвядоміць, што размаўляеш з мамай святога, якая яшчэ жыве сярод нас, — незвычайнае перажыванне.

Гэтыя дні былі напоўненыя малітвай, адкрыццямі і цудоўнымі хвілінамі разам. Мы вярталіся думкамі да пройдзенага шляху і ўсё выразней разумелі: галоўны дар пілігрымкі — магчымасць нанова адкрыць Божую блізкасць і радасць быць разам як адна сям’я.
У канцы гэтага этапу пілігрымкі хочацца яшчэ раз звярнуцца да ўсіх святых, чые мясціны мы наведалі і чыё жыццё стала для нас натхненнем. Святы Антонію, святы Бэнэдыкт і святая Схаластыка, святы Піо, святая Рыта, святыя Францішак і Клара, святы Карло Акуціс, святы Яне Паўле II і ўсе святыя Божыя, маліцеся за нас!
Выпрошвайце ў Пана веру і еднасць для ўсяго Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі, мір і Божае благаслаўленне для нашай Беларусі.
Пане, дзякуй Табе за гэты шлях і за людзей, якіх Ты на ім нам падарыў!
20 верасня пачалася аўтобусная пілігрымка прадстаўнікоў Гродзенскай дыяцэзіі ў Рым. Пілігрымку ўзначальвае біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, у ёй удзельнічаюць святары, законныя сёстры і свецкія вернікі. У пілігрымцы дзякуюць Богу за адраджэнне структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і 35 гадоў існавання Гродзенскай дыяцэзіі.
Кс. Анджэй Ганчар






