Skip to main content

Гродзенская парафія св. Піо адзначыла адпустовую ўрачыстасць

photo 2026 09 23 21 19 4923 верасня маладая гродзенская парафіяльная супольнасць св. Піо адзначыла адпустовую ўрачыстасць.

Імшу ў парафіяльнай капліцы цэлебраваў рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Ян Раманоўскі, прысутнічалі шматлікія вернікі парафіі. Праз заступніцтва айца Піо, які лічыцца адным з найвялікшых святых нашых часоў, на літургіі маліліся за гэтую супольнасць, якая займаецца будаўніцтвам свайго касцёла, і аб патрэбных ласках для парафіян.

У гаміліі ксёндз Ян адзначыў, што прыклад айца Піо застаецца жывым і актуальным для кожнага незалежна ад паклікання і жыццёвай задачы. “Ад яго мы можам вучыцца разумець, якім вялікім дарам для нас з’яўляецца Эўхарыстыя, разумець, што яна не можа стаць для нас толькі фармальнасцю”, – сказаў святар.

Па словах ксяндза Яна, у айца Піо сучасны чалавек можа вучыцца таму, што праз споведзь і пакаянне, калі яно шчырае, ты дазваляеш Богу ўваходзіць у тваё жыццё і змяняць яго, вучышся прымаць жыццёвы крыж, нават калі яго не разумееш, і несці гэты крыж, усведамляючы, што гэта твой шлях да Бога і збаўлення.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі