Skip to main content

Дзённік пілігрымкі Гродна-Рым: ад Венецыі да гары Гаргана

photo 2026 09 25 11 07 52Пілігрымка прадстаўнікоў Гродзенскай дыяцэзіі з нагоды яе 35-годдзя працягваецца. Пасля Імшы ў гродзенскай катэдры пілігрымы накіраваліся да святых месцаў Італіі. Кожны прыпынак становіцца нагодай падзякаваць Богу за шлях, пройдзены дыяцэзіяй, і даручыць Яму яе будучыню.

Адным з першых месцаў, якія наведала група, стала Венецыя. Пілігрымы прыплылі ў горад на караблі і наведалі базыліку евангеліста Марка, дзе захоўваюцца яго рэліквіі. Яны былі перавезены сюды з Александрыі ў 828 годзе.

У Венецыі ўдзельнікі пілігрымкі дзякавалі Пану за Гродзенскую дыяцэзію, за біскупаў Аляксандра Кашкевіча і Уладзіміра Гуляя, святароў, кансэкраваных асобаў і ўсіх вернікаў. З удзячнасцю ўзгадвалі тых, хто на працягу 35 гадоў будаваў жыццё дыяцэзіі сваёй верай, працай і малітвай.

Наступным прыпынкам стала Падуя. Тут пілігрымы наведалі базыліку святога Антонія і памаліліся каля яго магілы. Святы Антоній быў францішканінам і прапаведнікам. Ён памёр у 1231 годзе, а яго магіла да сёння застаецца месцам малітвы для людзей з розных краін. Яго заступніцтву ўдзельнікі даручылі ўсю Гродзенскую дыяцэзію, свае парафіі, сем’і і асабістыя інтэнцыі.

З Падуі дарога прывяла групу ў Ларэта. У мясцовай базыліцы знаходзіцца Святы Дом, які, паводле старажытнай хрысціянскай традыцыі, звязаны з домам Найсвяцейшай Панны Марыі ў Назарэце — месцам Звеставання. Традыцыя апавядае, што дом быў перанесены з Назарэта ў Ларэта ў канцы XIII стагоддзя. Для пілігрымаў гэта стала магчымасцю ў цішыні памаліцца да Маці Божай, даручыць Ёй свае сем’і і папрасіць аб тым, каб іх сэрцы былі адкрытыя і гатовыя, як Яе сэрца, адказваць на Божае слова.

Пасля група накіравалася ў Ланчана — месца, звязанае з эўхарыстычным цудам. Паводле традыцыі, у VIII стагоддзі на Імшы святар, які сумняваўся ў сапраўднай прысутнасці Хрыста ў Эўхарыстыі, стаў сведкам таго, як кансэкраваныя хлеб і віно набылі выгляд Цела і Крыві.

Асаблівым дарам для пілігрымаў стала магчымасць удзельнічаць у Імшы менавіта ў Ланчана. Тут яны разам маліліся і дзякавалі Хрысту за Яго прысутнасць у Эўхарыстыі. Гэтае месца нагадала кожнаму, што на шляху веры мы ніколі не застаёмся адны.

photo 2026 09 25 11 08 03

Затым дарога прывяла групу ў Сан-Джавані-Ратонда, да святога айца Піа. Каля яго магілы пілігрымы мелі час, каб пабыць у цішыні і асабіста памаліцца. Яны наведалі таксама музей, дзе бліжэй пазнаёміліся з жыццём святога, яго малітвай і служэннем людзям.

Пілігрымы пабывалі і на паўвостраве Гаргана, у санктуарыі Арханёла Міхала ў Монтэ-Сант-Анджэла. Сэрцам гэтага месца з’яўляецца пячора, звязаная са старажытнай традыцыяй аб з’яўленнях святога Міхала. Тут удзельнікі маліліся аб Божай апецы, трываласці ў веры і міры. Яны даручылі Богу праз заступніцтва святога Міхала ўвесь Касцёл у Беларусі і асабліва Гродзенскую дыяцэзію, якая адзначае 35-годдзе свайго існавання.

23 верасня, у дзень нараджэння біскупа эмерыта Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, пілігрымы памяталі пра яго ў малітве на Імшы. Таксама яны запісалі і даслалі яму відэавіншаванне ад усіх удзельнікаў пілігрымкі, выказаўшы ўдзячнасць за яго служэнне дыяцэзіі і запэўніўшы ў малітве.

Важнай часткай пілігрымкі становіцца і сам час у дарозе. Падчас пераездаў удзельнікі шмат моляцца, слухаюць духоўныя канферэнцыі, размаўляюць на розныя тэмы і шукаюць адказы на пытанні, якія ў іх узнікаюць. Асабліва дзякуюць Богу за тое, што разам з групай падарожнічаюць біскуп Уладзімір і дзесяць святароў. Іх прысутнасць дапамагае глыбей перажываць кожны дзень супольнага шляху.

Ёсць у пілігрымцы месца і для простай чалавечай радасці: размоў, знаёмства з італьянскімі гарадамі і мясцовымі стравамі. Такія хвіліны дапамагаюць лепш пазнаць адно аднаго і адчуць, што ўсе разам ідуць да Бога.

Сёння пілігрымы накіроўваюцца ў Монтэ-Касіна. Падарожжа працягваецца, а разам з ім — малітва падзякі за 35 гадоў Гродзенскай дыяцэзіі. У наступных запісах дзённіка падзелімся новымі ўражаннямі і фотаздымкамі з пілігрымкі.

20 верасня пачалася аўтобусная пілігрымка прадстаўнікоў Гродзенскай дыяцэзіі ў Рым. Пілігрымку ўзначальвае біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, у ёй удзельнічаюць святары, законныя сёстры і свецкія вернікі. У пілігрымцы дзякуюць Богу за адраджэнне структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і 35 гадоў існавання Гродзенскай дыяцэзіі.

Кс. Анджэй Ганчар