Skip to main content

Прадстаўнікі Гродзенскай дыяцэзіі на чале з біскупам пілігрымуюць у Рым

photo 2026 09 23 00 02 1520 верасня пачалася аўтобусная пілігрымка прадстаўнікоў Гродзенскай дыяцэзіі ў Рым. Пілігрымку ўзначальвае біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, у ёй удзельнічаюць святары, законныя сёстры і свецкія вернікі.

У пілігрымцы дзякуюць Богу за адраджэнне структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і 35 гадоў існавання Гродзенскай дыяцэзіі. Па дарозе ў Рым пілігрымы наведваюць месцы Італіі, якія маюць багатую гісторыю ці звязаны з жыццём святых.

Пілігрымка пачалася Імшой, якую біскуп Уладзімір Гуляй цэлебраваў у гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя.

У гаміліі біскуп сказаў, што перад дарогай варта задаць сабе пытанні: “Чаго я чакаю ад пілігрымкі? Што хачу адкрыць перад Богам? У чым дазволю Яму змяніць маё жыццё?” Ён дадаў, што найважнейшая дарога, якая чакае кожнага ўдзельніка ў гэты час, – дарога яго сэрца да Бога.
Кажучы пра 35-годдзе дыяцэзіі, біскуп адзначыў: “Наша дыяцэзія – частка Божага вінаградніку, давераная нашай апецы. Мы не стварылі веру з нічога. Мы атрымалі яе як каштоўны дар ад папярэдніх пакаленняў”. “У гэтай пілігрымцы мы хочам несці іх усіх у нашых сэрцах, для жывых будзем прасіць патрэбных ласкаў, а для памерлых – радасці вечнага жыцця”, – сказаў іерарх.

“Юбілейная падзяка адначасова становіцца пытаннем пра нашу адказнасць: які плён прынясе Божы вінаграднік дзякуючы нам? Што атрымаюць ад нас наступныя пакаленні? – дадаў біскуп. – Адказ складаецца з нашых штодзённых рашэнняў”.

Біскуп нагадаў, што цэнтр хрысціянскага жыцця – Езус Хрыстус, падкрэсліў, што найглыбейшы сэнс гэтай пілігрымкі – мацней злучыцца з Ім. Па яго словах, святыя месцы, якія пілігрымы наведаюць, будуць нагадваць пра людзей, якія дазволілі Хрысту весці сябе: “Іх святасць вырастала з вернасці ў канкрэтных абставінах жыцця. Калі будзем маліцца ў святынях, звязаных з іх жыццём і сведчаннем, папросім такой вернасці таксама для сябе”.

“Будзем памятаць пра нашыя парафіі, сем’і, дзяцей і моладзь, святароў і кансэкраваных асобаў. Будзем прасіць аб новых пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця, аб адзінстве, трываласці ў веры, супакоі. Асабліва даручым Богу тых, каму сёння цяжка: хворых, самотных, людзей у жалобе, сем’і, якія перажываюць крызіс, і ўсіх, хто страціў надзею, – сказаў біскуп. – Няхай Нябесны Айцец дапаможа нам перажыць гэту пілігрымку плённа, каб вярнуцца дадому з сэрцамі, больш адкрытымі на Бога і на бліжняга, каб разам са святым Паўлам мы маглі шчыра сказаць: “Для мяне жыццё – гэта Хрыстус”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Ксенія Адамовіч