Skip to main content

ККББ выдала Інструкцыю аб пастаяннай паслузе лектараў і акалітаў у Беларусі ў дыяцэзіях Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

paslugi 16У адказ на пастырскія выклікі сучаснасці і клопат пра належнае ажыццяўленне літургічнага жыцця Касцёла ў Беларусі Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі на сваім 98-м пленарным пасяджэнні аднагалосна прыняла Інструкцыю аб пастаяннай паслузе лектараў і акалітаў у дыяцэзіях Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі, падрыхтаваную Камісіяй Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў.

Дадзены дакумент стаў адказам на патрэбу ў выразным і адзіным рэгуляванні падрыхтоўкі, фармацыі, дапушчэння і ўстанаўлення лектараў і акалітаў у дыяцэзіях Беларусі ў святле вучэння Касцёла, нормаў кананічнага права і актуальных пастаноў Апостальскай Сталіцы. Інструкцыя вызначае прынцыпы і нормы, якімі належыць кіравацца пры падрыхтоўцы кандыдатаў да гэтых паслуг, а таксама пры іх далейшым здзяйсненні ў мясцовым Касцёле.

Пастаянныя паслугі лектара і акаліта займаюць асаблівае месца ў літургічным жыцці Касцёла, з'яўляючыся выразам удзелу свецкіх вернікаў у місіі Хрыста і служэнні Божаму народу. Таму належная падрыхтоўка кандыдатаў, іх духоўная і літургічная фармацыя, а таксама адказнае выкананне даручаных ім абавязкаў маюць істотнае значэнне для захавання годнасці святой літургіі і спрыяюць больш поўнаму ўдзелу вернікаў у жыцці касцёльнай супольнасці.

Згодна з рашэннем Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі нормы, змешчаныя ў гэтай Інструкцыі, з'яўляюцца абавязковымі для ўсіх дыяцэзій Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Яна павінна служыць асноўным нарматыўным дакументам пры арганізацыі падрыхтоўкі, фармацыі, устанаўлення і выканання пастаянных паслуг лектараў і акалітаў.

Выказваю шчырую ўдзячнасць членам Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, а таксама ўсім асобам, якія ўнеслі свой уклад у падрыхтоўку гэтага дакумента. Давяраючы плён яго ўкаранення заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, выказваю надзею, што прымяненне дадзенай Інструкцыі будзе спрыяць далейшаму развіццю гэтых паслуг і паглыбленню літургічнай культуры ў Касцёле ў Беларусі.

Тэкст Інструкцыі ў фармаце PDF>>>

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB

Старшыня Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў

Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі