20 верасня ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Трабах (Іўеўскі дэканат) на Імшы, якую цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі.
Да канфірмацыі прыступілі 55 чалавек – моладзь і дарослыя.
Пробашч кс. канонік Віктар Субель у звароце да прысутных назваў вялікай радасцю для парафіі візіт арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які стаяў ля пачаткаў адраджэння Каталцікага Касцёла ў Беларусі. Пробашч дадаў, што парафіяльная супольнасць заўсёды, асабліва ў час хваробы, спадарожнічала іерарху малітвай.
Арцыбіскуп, кажучы ў гаміліі пра канфірмацыю, у якой паводле вучэння Касцёла на чалавека сыходзіць Дух Святы, адзначыў, што праз гэты сакрамэнт у парафіі паўтараецца ў гэты дзень Пяцідзясятніца, апісаны ў Бібліі цуд сыходу Духа Святога на апосталаў. Іерарх дадаў, што Дух сыходзіць, каб умацаваць веру людзей, і што гэта вельмі важна ў цяперашні час, калі назіраецца крызіс веры. Ён пералічыў такія з’явы, як памяншэнне колькасці тых, хто рэгулярна ўдзельнічае ў нядзельнай Імшы і хто прыступае да канфірмацыі, крызіс сям’і і дэмаграфічны крызіс, “дэмаралізацыю жыцця”, тое, што самай важнай рэлігійнай практыкай становіцца благаслаўленне вербаў і велікоднай ежы, прычым у гэтым “дамінуе не духоўны змест, а культурная традыцыя і фальклор”.

Арцыбіскуп нагадаў словы апостала Якуба, што вера без учынкаў мёртвая, і дадаў: “На жаль, мы не можам ганарыцца нашым хрысціянскім сведчаннем. (…) Усё гэта знакі адсутнасці сапраўднага хрысціянскага паклікання і яго сведчання. Не дастаткова быць намінальнымі і штучнымі хрысціянамі. Свет змяняецца, і мы таксама павінны змяняцца, каб своечасова адказваць на яго выклікі, для чаго трэба ўдасканальвацца не толькі інтэлектуальна, але і духоўна”.
Іерарх падкрэсліў, што Дух Святы, які сыходзіць у канфірмацыі, “не дзейнічае аўтаматычна, неабходна адкрыцца на Яго, супрацоўнічаць з Ім і дазволіць Яму дзейнічаць у нашых сэрцах”. “Таму гэты сакрамэнт нельга звесці толькі да традыцыі. Гэта дар Духа Святога і адначасова задача мужна вызнаваць веру ў наш секулярны час, бараніць яе і абвяшчаць, бо яшчэ так шмат людзей чакае Евангелля”, – сказаў арцыбіскуп.
Параўноўваючы жыццё чалавека з забегам на стадыёне, ён адзначыў: “У канфірмацыі чалавек пацвярджае сваю веру ў Бога і абяцае перадаваць яе іншым, як эстафетную палачку. Важна захаваць веру і данесці да фінішу, дзе нас чакае Хрыстус. Той, хто не здрадзіць веры і вытрымае да канца, а таксама будзе дапамагаць сваім сведчаннем іншым, стане пераможцам і атрымае прыз вечнага шчасця. У гэтым спаборніцтве нам дапамагае Дух Святы”.
Канфірмаваныя падзякавалі арцыбіскупу за апостальскае служэнне Касцёлу на Беларусі і за візіт у іх парафію, выказалі падзяку таксама пробашчу і с. Ганне Шыпаровай з Інстытуту кансэкраваных паннаў, якая рыхтавала іх да прыняцця сакрамэнту, паабяцалі берагчы скарб веры і перадаваць яго наступным пакаленням.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Наталля Нячаева






