14 верасня парафія Узвышэння Святога Крыжа ў Галынцы (Сапоцкінскі дэканат) адзначыла адпустовую ўрачыстасць. Імшу цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Урачыстасць мела юбілейны характар, бо прайшло 1700 гадоў з таго часу, як былі знойдзены рэліквіі Крыжа, на якім Езус Хрыстус здзейсніў адкупленне людзей.
Таксама ў гэты дзень у парафіі адзначалі пяцігоддзе з таго часу, як арцыбіскуп Юзаф Станеўскі узначаліў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію. Паколькі 14 верасня быў дзень нараджэння Папы Льва XIV, на літургіі маліліся таксама ў яго інтэнцыі, просячы ў Бога неабходных яму ласкаў у служэнні Касцёлу. Акрамя таго, павіншавалі пробашча парафіі ў Зарачанцы кс. прэлата Вітальда Лазавіцкага з 70-годдзем, пажадаўшы яму шчодрых Божых ласкаў і апекі Маці Божай на далейшыя гады служэння.
У малітве ўдзельнічалі парафіяне і госці, святары парафій Сапоцкінскага дэканату і іншых.

Пробашч кс. Уладзімір Аксенцьеў, дэкан Сапоцкінскага дэканату, вітаючы прысутных, назваў візіт арцыбіскупа Юзафа Станеўскага вялікім гонарам і радасцю для парафіі. Пробашч нагадаў, што Святы Крыж, які ўшаноўвалі ў гэты дзень у парафіі, – знак збаўлення і надзеі. Ён выказаў пажаданне, каб гэтая Імша стала для ўдзельнікаў крыніцай ласкі і духоўнага ўмацавання, папрасіў ахвяраваць яе ў інтэнцыі парафіян – жывых і памерлых, сем’яў, дзяцей, моладзі, хворых і тых, хто пакутуе. Прысутным святарам ён падзякаваў за служэнне.
Пробашч парафіі ў Азёрах кс. Томаш Ксянжкевіч CMF у гаміліі засяродзіў увагу на сэнсе крыжа, на тым, чым ён з’яўляецца і чым павінен быць у штодзённым жыцці кожнага верніка. Святар дадаў, што крыж – знак збаўлення і ўказальнік на шляху веры.
У парафіі адзначаюць, што сёлетняя адпустовая ўрачыстасць стала асаблівым часам падзякі – як за дар крыжа ў жыцці вернікаў, так і за пяцігадовае служэнне арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на чале Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






