17 верасня парафія св. Яна Хрысціцеля ў Мсцібаве (Ваўкавыскі дэканат) сустрэла абраз Маці Божай Міласэрнасці ў межах перэгрынацыі, якая праводзіцца з нагоды 35-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі.
Перэгрынацыя копіі абраза Маці Божай Міласэрнасці (Вастрабрамскай), галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, пачалася 18 красавіка, завяршэнне плануецца ва ўрачыстасць у Яе гонар – 16 лістапада. За час перэгрынацыі абраз пабывае ва ўсіх касцёлах і капліцах дыяцэзіі.
Абраз прывіталі перад касцёлам арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч і пробашч кс. Павел Безляповіч. Пад спеў у гонар Панны Марыі абраз перанеслі ў касцёл, дзе яго прывіталі пробашч і прадстаўнікі парафіі. Затым адбылася Імша, якую цэлебраваў у інтэнцыі парафіяльнай супольнасці арцыбіскуп.
У гаміліі іерарх сказаў, што культ Маці Божай Вастрабрамскай вельмі распаўсюджаны на Беларусі і што не так даўно Яе абраз быў амаль у кожным касцёле ці доме, дзе жывуць католікі.

Арцыбіскуп дадаў, што Божая міласэрнасць – “галоўная характарыстыка Бога”, што “Бог стварыў чалавека і свет для чалавека, праз свайго Сына выбавіў чалавека з грахоўнага рабства” і што “апостал Павел вучыць, што Бог бязмежны ў сваёй міласрэнасці, а Папа Францішак кажа, што імя Бога – міласэрнасць”.
Іерарх нагадаў, што капліцу Маці Божай у Вострай Браме ў Вільні наведвае мноства пілігрымаў і што там пабываў таксама Папа Францішак, які “казаў, што, хаця гады ідуць і палітычныя сістэмы змяняюцца, Марыя, Маці Міласэрнасці, пастаянна апякуецца сваім народам”. “Нашы продкі стагоддзямі пілігрымавалі да гэтага цудадзейнага абраза і прасілі патрэбных ласкаў для сябе і народа. У часы ганенняў беларускія святары з вернікамі збіраліся ў санктуарыі на ўрачыстасцях, цэлебравалі Імшу і прасілі ласкі свабоды веравызнання. Бог выслухаў нашыя просьбы і праз Марыю адарыў нас гэтай ласкай. Трыццаць пяць гадоў таму былі адроджаны нармальныя іерархічныя структуры Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне і заснавана Гродзенская дыяцэзія. Перэгрынацыя копіі цудадзейнага абраза якраз і прысвечана гэтай круглай даце. Цяпер няпроста паехаць у Вільню, і дзякуючы перэгрынацыі Божая Маці Вастрабрамская прыбывае да нас у няпросты час шматлікіх маральных і грамадскіх выклікаў”, – сказаў арцыбіскуп.
Па яго словах, “у эпоху шматлікіх крызісаў – палітычных, эканамічных, дэмаграфічных, сямейных, грамадскіх і іншых, калі мы шукаем спосабаў іх вырашэння і далёка не заўсёды знаходзім, забываючыся, што прычына – маральны крызіс, калі чалавек адкідвае Божы закон”, паратунак трэба шукаць у Божай міласэрнасці. “Ян Павел ІІ кажа, што гэта адзіная надзея свету. Божая міласэрнасць сыходзіць ад Езуса, аб чым сведчыць Яго абраз. А да Езуса вядзе Яго міласэрная Маці”, – адзначыў іерарх.

Ён падкрэсліў, што сучаснаму свету “патрэбны тыя, хто будзе сведчыць аб нязменных евангельскіх каштоўнасцях Божага Валадарства, якія гарантуюць пабудову здаровага і трывалага грамадства”, і што “вера павінна рэалізоўвацца ў штодзённым жыцці”. “Нездарма Папа Леў XIV перасцерагае ад “разваднення” веры і заклікае перайсці ад пасіўнай рэлігійнасці да актыўнай, – дадаў арцыбіскуп. – Хрысціяне пакліканы сваім жыццём змяняць свет. Хрысціянскае сведчанне – гэта не проста перадача рэлігійных ісцін, а жывы і дзейсны інструмент пераўтварэння свету. Спалучаючы радасць веры, учынкі міласэрнасці, прыхільнасць да праўды і міру, сведчанне асабістага навяртання, мы павінны ўносіць уклад у адраджэнне сапраўднай чалавечнасці і маральнасці ў свеце. Сведкі веры будавалі нашую хрысціянскую культуру, і шляхам сведчання можа наступіць маральнае адраджэнне”.
“Сёння вернікі Мсцібава маюць вялікую ласку і магчымасць аднавіць культ Божай Маці Міласэрнасці. Наведванне парафіі Яе абразом не павінна ўспрымацца толькі як чарговая рэлігійная і культурная падзея, а павінна глыбока запасці ў нашыя сэрцы, каб ажывіць нашу веру, надзею і любоў”, – сказаў арцыбіскуп.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Аленa Раманчук






