Вернікі гродзенскай парафіі Святога Духа здзейснілі пілігрымку ў санктуарый Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай у Капцёўцы. Гэтая пілігрымка па традыцыі праходзіць у парафіі ў верасні на пачатак навучальнага года.
У пілігрымцы ўзялі ўдзел вернікі рознага ўзросту, а таксама студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне з рэктарам семінарыі кс. Янам Раманоўскім, прэфектам кс. Андрэем Скамарошкам і нядаўна прызначаным духоўным айцом кс. Андрэем Лішко. Арганізатарам і адказным быў кс. Дзмітрый Роўны.
У пачатку пробашч кс. канонік Павел Салабуда нагадаў удзельнікам, што самае галоўнае ў дарозе – не рэчы, а душэўны настрой, і параіў “пакласці ў заплечнікі” галоўныя інтэнцыі пілігрымкі.

Семінарыст Андрэй сказаў: “Вядома, пілігрым дойдзе, дасягне гэтай мэты, але што чалавек хоча атрымаць ад пілігрымкі, да чаго хоча дайсці ў сабе?”
“Гэта быў цудоўны час на пачатак навучальнага года, – адзначаюць удзельнікі пілігрымкі. – Шлях прайшлі з малітвай і песнямі, пераадолены ён быў незаўважна. А ў канцы чакаў выдатны адпачынак: смачны абед, вясёлыя гульні і музыка”.
Андрэй Рушніцкі, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






