Skip to main content

Лідская парафія Узвышэння Святога Крыжа адзначыла з удзелам біскупа Гродзенскага адпустовую ўрачыстасць

photo 2026 09 16 22 23 44У адпустовую ўрачыстасць, якая адзначалася ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй цэлебраваў Імшу.

Біскуп шмат гадоў быў пробашчам гэтай парафіі.

У гаміліі іерарх прапанаваў падумаць над пытаннямі: “Ці сапраўды крыж знаходзіцца ў цэнтры нашага жыцця? Ці не застаецца ён толькі знешнім знакам? Ці з’яўляецца ён для нас жывой праўдай пра Бога, які палюбіў чалавека да канца?”

“Пакуль усё адбываецца паводле нашых планаў, нам адносна лёгка верыць і дзякаваць Богу. Але калі прыходзяць выпрабаванні, хвароба, расчараванне, страта, незразуменне ці працяглае чаканне, у сэрцы можа з’явіцца пытанне: дзе знаходзіцца Бог? Менавіта ў цяжкія хвіліны выяўляецца глыбіня нашай веры”, – сказаў біскуп.

Па яго словах, паглядзець з верай на крыж – значыць прызнаць, што маеш патрэбу ў Богу, не можаш збавіць сябе сам. “Каля крыжа мы адкрываем праўду пра свой грэх, але адначасова яшчэ большую праўду пра Божую міласэрнасць. Крыж паказвае, наколькі сур’ёзным з’яўляецца грэх, калі за яго была заплачана такая цана. Але ён таксама паказвае, наколькі вялікая Божая любоў, калі Бог не пашкадаваў свайго Сына дзеля нашага збаўлення”, – адзначыў іерарх.

“Словы з Евангелля: «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае», павінен пачуць кожны з нас. Бог так палюбіў не нейкі абстрактны свет, а канкрэтна мяне. Ён ведае маё імя, маю гісторыю, памылкі, схаваныя раны і страхі”, – патлумачыў біскуп.

“На крыжы чалавек паказаў, наколькі далёка можа дайсці яго нянавісць. Але Бог паказаў, наколькі далёка можа дайсці Яго любоў, – сказаў іерарх. – Крыж Хрыста становіцца судом над логікай гэтага свету. Ён вучыць, што сапраўдная веліч заключаецца не ў панаванні, а ў служэнні; не ў тым, каб браць, а ў тым, каб даваць; не ў тым, каб заўсёды настойваць на сваім, а ў тым, каб шукаць Божую волю і дабро іншага чалавека”.

“Ніхто не можа цалкам пазбегнуць пакутаў, хваробы, самотнасці, расчараванняў ці страты. Часам мы нясём крыж, які прыходзіць незалежна ад нас. Часам становімся цяжарам самі для сябе з-за сваіх грахоў, слабасцяў і няправільных рашэнняў. Бывае, што крыж кладзе на нашы плечы чужая несправядлівасць, – адзначыў біскуп. – Калі чалавек застаецца са сваімі пакутамі адзін, яны могуць стаць невыноснымі, могуць нарадзіць гнеў, роспач і закрытасць. Але калі мы злучаем свой крыж з крыжам Езуса, пакуты не знікаюць магічным чынам, а атрымліваюць новы сэнс”.

photo 2026 09 16 22 24 21

Па словах біскупа, прыняць крыж не азначае пасіўна падпарадкоўвацца ўсялякаму злу: “Хрысціянін павінен супрацьстаяць несправядлівасці, бараніць слабых, шукаць лячэння ў хваробе і вырашаць жыццёвыя праблемы. Бог не патрабуе, каб мы любілі боль. Ён запрашае не страчваць веры і любові ў тых сітуацыях, якіх нельга змяніць”.

“Урачыстасць Узвышэння Святога Крыжа ставіць важнае пытанне: што азначае ўзвысіць крыж у маім жыцці? Гэта азначае паставіць Хрыста і Яго Евангелле вышэй за ўласны эгаізм, амбіцыі і выгаду, кіравацца не толькі тым, што лёгка і прыемна, але тым, што добрае, праўдзівае і згоднае з Божай воляй”, – патлумачыў іерарх.

Па яго словах, “крыж павінен быць бачны ў нашых учынках”: “Крыж мае вертыкальную і гарызантальную часткі. Вертыкальная нагадвае пра адносіны чалавека з Богам, гарызантальная – пра адносіны з бліжнімі. Нельга сапраўды любіць Бога і адначасова пагарджаць чалавекам. Нельга будаваць вертыкаль малітвы без гарызанталі любові, міласэрнасці і прабачэння”. Біскуп дадаў, што “пад крыжам няма лепшых і горшых, важных і нязначных, ёсць толькі грэшнікі, якім патрэбна Божая міласэрнасць, і калі мы ўсведамляем гэта, становіцца лягчэй прабачаць іншым і прасіць прабачэння за ўласныя правіны”.

Іерарх нагадаў, што “крыж не быў канцом гісторыі Езуса, пасля Вялікай пятніцы прыйшла велікодная раніца, пасля смерці наступіла ўваскрасенне”. “У жыцці бываюць свае Вялікія пятніцы, калі ўсё здаецца страчаным, Бог маўчыць, а будучыня ахутана цемрай. Але хрысціянін ведае, што Вялікая пятніца не доўжыцца вечна. Бог можа вывесці жыццё нават з магілы, перамяніць паражэнне ў пачатак новай дарогі, слёзы – у радасць, а смерць – у вечнае жыццё. Таму крыж не дазваляе нам упасці ў роспач”, – падкрэсліў біскуп.

Таксама ў гэты дзень у парафіі адбылася эўхарыстычная працэсія.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі