Skip to main content

Парафія ў Рэплі адзначыла з удзелам біскупа Гродзенскага чатырохсотгоддзе

photo 2026 09 15 16 18 1012 верасня, у сваю адпустовую ўрачыстасць, парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Рэплі (Ваўкавыскі дэканат) адзначыла 400-гадовы юбілей свайго існавання.

Святкаванні ў велічным парафіяльным касцёле ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. На Імшы, якую цэлебраваў біскуп, прысутнічалі шматлікія парафіяне і госці, сярод удзельнікаў цэлебрацыі былі святары, якія паходзяць з гэтай парафіі. На літургіі дзякавалі Богу за ранейшыя пакаленні, якія стаялі ля пачаткаў стварэння парафіі, будаўніцтва святыні і перадалі веру сваім наступнікам. Таксама на літургіі біскуп удзяліў групе вернікаў сакрамэнт канфірмацыі.

У гаміліі іерарх сказаў, што ў цэнтры ўрачыстасці Імя Панны Марыі “знаходзіцца жывы Бог, які прыходзіць да чалавека, адорвае сваёй ласкай і запрашае да супрацоўніцтва: так было ў Назарэце, так адбывалася і на працягу чатырох стагоддзяў існавання гэтай парафіі, і сёння”.

Біскуп адзначыў, што словы: “Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою”, з якімі ў Евангеллі да Марыі звяртаецца анёл, дазваляюць глыбей зразумець юбілей парафіі: “Калі мы аглядаемся на чатырыста гадоў яе гісторыі, перш за ўсё прызнаём: Пан быў са сваім народам. Ён быў побач у радасці і ў выпрабаваннях, у час спакойнай працы і калі будучыня выклікала страх. Яго прысутнасць давала людзям сілы маліцца, захоўваць надзею, выхоўваць дзяцей у веры і пачынаць нанова пасля цяжкіх падзей. І сёння Ён гаворыць гэтай супольнасці: Я з вамі”.

photo 2026 09 15 16 18 09

“Марыя вучыць нас жыць Божай прысутнасцю, дапамагае паверыць, што жыццё, даручанае Богу, знаходзіцца ў Яго руках нават калі мы яшчэ не разумеем усяго, што адбываецца. Таму, ушаноўваючы Найсвяцейшае Імя Марыі, мы просім перадусім аб такой веры: веры, якая слухае, якая давярае, якая дазваляе Богу весці чалавека”, – дадаў біскуп.

Ён назваў чатырыста гадоў існавання парафіі “вялікім дарам і вялікай адказнасцю”. “Вера прыходзіла да нас праз людзей. Часам гэта былі асобы добра вядомыя і шанаваныя. Часам – вельмі сціплыя, якіх амаль ніхто не заўважаў. Але менавіта іх вернасць дапамагла нам адкрыць Бога, – сказаў іерарх. – Таму сённяшняя падзяка мае шмат чалавечых твараў”. Ён падзякаваў парафіянам, святарам, сем’ям, пажылым людзям і ўсім, хто прысвячае час і сілы жыццю парафіі.

“Чатыры стагоддзі тут сеялася Божае слова. Яно трапляла ў сэрцы, прарастала вераю, прыносіла плён любові, – адзначыў біскуп. – Сад патрабуе далейшага клопату. Трэба рыхліць зямлю, паліваць, цярпліва чакаць. Падобна і вера патрабуе штодзённай увагі. Яна ўзрастае, калі чалавек моліцца, слухае Божае слова, прымае сакрамэнты і вучыцца любіць. Таму юбілей запрашае кожнага з нас спытаць: як я клапачуся пра веру, якую атрымаў? Ці даю ёй месца ў сваіх рашэннях? Ці мае Бог месца ў нашай сям’і?”

Вернікам, якія прыступалі ў гэты дзень да канфірмацыі, іерарх сказаў: “Пан давярае вам месца і задачу ў сваім Касцёле. (…) Вы дарагія Богу. Вашае жыццё мае вартасць у Яго вачах. Ён запрашае вас да святасці, гэта значыць да жыцця ў адзінстве з Ім, да любові, якая паступова ахоплівае думкі, словы і ўчынкі. Гэтае пакліканне датычыць кожнага. Святасць узрастае ў канкрэтнай штодзённасці: у сумленным выкананні абавязкаў, у праўдзівасці, у павазе да іншага чалавека, у здольнасці прызнаць памылку і зрабіць дабро нават калі ніхто гэтага не заўважыць”.

photo 2026 09 15 16 18 22

“У сакрамэнце канфірмацыі вы будзеце больш цесна з’яднаныя з Касцёлам і ўмацаваныя для сведчання пра Хрыста. Дух Святы дапаможа вам жыць дарам хросту, глыбей пазнаваць Бога і адважней адказваць на Яго пакліканне”, – дадаў біскуп. Ён параіў ім папрасіць Духа Святога, які паводле вучэння Касцёла сыходзіць на верніка ў час канфірмацыі, дапамагаць ім “распазнаваць дабро і мець мужнасць яго выбіраць: каб прызнацца ў сваёй веры, каб не пайсці за большасцю, калі яна выбірае зло, каб абараніць чалавека, якога прыніжаюць, каб самому ўкленчыць у канфесіянале і шчыра сказаць: я зграшыў, хачу вярнуцца”.

“Дух Святы ўмацоўвае нас і для служэння. Таму шукайце свайго месца ў парафіі. Падумайце, каму можаце дапамагчы, якімі здольнасцямі можаце падзяліцца, што добрае можаце зрабіць разам з іншымі, – заклікаў біскуп. – Не заставайцеся сам-насам з пытаннямі ці сумненнямі, шукайце размовы, пытайцеся, маліцеся. Сталая вера ўзрастае таксама праз сумленны пошук і цярплівае паглыбленне таго, у што мы верым”.

photo 2026 09 15 16 18 13

Біскуп пажадаў вернікам, каб іх парафія была сапраўдным домам: “Няхай чалавек, які ўваходзіць сюды са сваім болем або разгубленасцю, сустрэне ўвагу і павагу. Няхай маладыя адчуваюць, што іх чакаюць. Няхай старэйшыя ведаюць, што пра іх памятаюць. Няхай хворыя і самотныя застаюцца ў цэнтры нашай малітвы і канкрэтнага клопату. Так працягваецца гісторыя Касцёла: праз людзей, якія дазваляюць Божай любові дзейнічаць у іх жыцці”. Звяртаючыся да Маці Божай, біскуп папрасіў: “Вучы нас слухаць Божае слова і захоўваць яго ў сэрцы. Падтрымлівай нашыя сем’і, выпрошвай суцяшэнне для тых, хто пакутуе, надзею для знявераных і ласку вяртання для тых, хто аддаліўся ад Твайго Сына. Асабліва даручаем Табе тых, хто сёння прыме сакрамэнт канфірмацыі”.

У канцы літургіі парафіяне, дзякуючы за ўдзел ва ўрачыстасці ўсім прысутным, у тым ліку біскупу, і просячы яго ўдзяліць пастырскае благаслаўленне, сказалі, што гэтае благаслаўленне патрэбна ім для таго, каб працягваць будаваць жывую супольнасць, дзе кожны зможа адчуваць сябе важным, і каб разам ісці да збаўлення.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі