Skip to main content

У адпустовую ўрачыстасць гродзенскую парафію Адшукання Святога Крыжа наведаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

PXL 20260914 101214304.MP13-14 верасня ў гродзенскай парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Гродне цэлебраваў Імшу арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. 14 верасня ў парафіі адзначалася адпустовая ўрачыстасць.

На літургіях у парафіяльным касцёле, які з’яўляецца найстарэйшым у Гродне, прысутнічалі шматлікія парафіяне і вернікі іншых гродзенскіх парафій.

У гаміліі на нядзельнай Імшы напярэдадні ўрачыстасці арцыбіскуп засяродзіў увагу на тэме прабачэння і прымірэння з крыўдзіцелямі, пра што разважаецца ў літургічных чытаннях гэтага дня. Іерарх нагадаў, што паводле вучэння Езуса Хрыста “прабачэнне не павінна мець абмежаванняў”: “Мы даўжнікі, бо грашым і маем патрэбу ў Божым прабачэнні. Аднак пры гэтым мы павінны дараваць іншым”.

Таксама арцыбіскуп нагадаў пра “тры ўмовы сапраўднага хрысціяніна”, пра якія кажа Хрыстус: адрачыся ад сябе, узяць свой крыж і ісці за Ім. “Адрачыся ад сябе азначае пазбавіцца злых схільнасцей і паставіць Бога на першае месца. Узяць крыж свайго жыцця азначае несці цяжкасці сямейнага жыцця, выхавання дзяцей, вучобы, працы, грамадскага жыцця і гэтак далей. Ісці за Хрыстом нялёгка, але як збаўленне прыйшло праз крыж, так і крыж нашага жыцця, які мы нясём з любоўю, вядзе да збаўлення”, – сказаў іерарх, заклікаў “не адмаўляцца ад крыжа і не губляць яго з поля зроку”, дадаў, што “крыж навучыць дараваць і прывядзе нас да радасці Божага Валадарства”.

У гаміліі ў адпустовую ўрачыстасць арцыбіскуп нагадаў, што крыж стаў ушаноўвацца ў хрысціянстве пасля таго, як яно паводле Міланскага эдыкта імператара Канстанціна атрымала свабоду вызнання, а маці імператара святая Алена знайшла Крыж Хрыста 14 верасня 326 года ў Ерузалеме.

Іерарх дадаў, што пасля крыжовай смерці Хрыста крыж стаў знакам выратавання, надзеі і будучай славы. “У час смерці Хрыста адбыўся святы абмен — адзін памёр замест іншых. Ён палюбіў нас і аддаў сябе за нас. Адбыўся цудоўны абмен месцамі — Езус заняў наша месца, узяў на сябе наш грэх і даў нам ласку і жыццё.

20260913 123034

Паміраючы на дрэве крыжа, Хрыстус стаў Божым громаадводам, бо ўзяў на сябе ўдар нашага граху. Грэх застаецца, але яго наступствы не забіваюць мяне, таму што з крыжа сыходзяць лекі Божай ласкі”, – патлумачыў арцыбіскуп.

Па яго словах, “з чыста чалавечага пункту гледжання смерць Езуса на крыжы – Яго параза, бо Ён абяцаў вечнае жыццё, а сам ганебна загінуў, але крыж паказвае бязмежную любоў Бога да чалавека, таму з’яўляецца сімвалам хрысціянства і знакам перамогі Езуса над злом”.

“Свет без крыжа быў бы светам без надзеі; светам эксплуатацыі слабых і безабаронных; светам, у якім пакуты мелі б апошняе слова. Калі нашы чалавечыя намаганні не могуць выратаваць нас ад наступстваў граху і пераадолець несправядлівасць, то крыж пераўтварае рэальнасць граху і смерці ў славу вечнага жыцця, – адзначыў арцыбіскуп – Таму крыж неабходна несці і абараняць, бо ў ім наша надзея. Сёння, калі свет маўкліва пагаджаецца на грэх, мы павінны абвяшчаць і абараняць Божую праўду, частка якой – збаўчая праўда крыжа”.

Іерарх нагадаў, што касцёл Адшукання Святога Крыжа – самы высокі будынак у Гродне. “Над ім узвышаецца крыж, які заўсёды быў і застаецца знакам надзеі і перамогі дабра над злом. У цемры атэізму ён узносіў наш позірк да Бога і ззяў святлом новай надзеі. Так павінна заставацца і сёння, у часы новых выпрабаванняў, – сказаў арцыбіскуп. – Мы павінны праз крыж ісці да Бога і адзінства з Ім, да перамогі над грахом і злом, да так неабходнага прымірэння і нацыянальнага адзінства!”

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі