11 верасня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй устанавіў дваіх студэнтаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кандыдатамі да дыяканскага і прэзбітэрскага пасвячэнняў.
Кандыдатамі сталі студэнты шостага курса Вадзім Герда і Давід Венцек. Абрад іх аб’яўлення кандыдатамі да пасвячэнняў адбыўся на Імшы, якую цэлебраваў біскуп у капліцы семінарыі.
У гаміліі біскуп назваў гэты абрад “публічным пацвярджэннем таго «так», якое калісьці ціха нарадзілася ў іх сэрцах” у адказ на Божы заклік. “Хрысціянскае пакліканне не з’яўляецца толькі асабістай справай паміж чалавекам і Богам. Таму сёння ваша рашэнне прымае і пацвярджае Касцёл. Ён не толькі прызнае ваша жаданне, але і бярэ на сябе абавязак далей фармаваць вас, суправаджаць малітвай і дапамагаць вам усё паўней распазнаваць Божую волю”, – сказаў іерарх кандыдатам да пасвячэнняў.
“Галоўным вашым перакананнем павінна станавіцца тое, што святарства не належыць чалавеку, – дадаў біскуп. – Святар не належыць самому сабе. Яму даручаны Божае слова, сакрамэнты, супольнасць Касцёла і бессмяротныя чалавечыя душы. Таму святарства нельга будаваць паводле ўласных планаў, амбіцый або чаканняў. Яго можна толькі пакорна прыняць як незаслужаны Божы дар і адказную задачу”.

“Сапраўдная свабода заключаецца не ў тым, каб рабіць усё, што хочацца, а ў тым, каб умець зрабіць з сябе дар. Свабодны не той, хто нікому не служыць, а той, хто з любові можа схіліцца перад іншым чалавекам і аддаць яму сілы, час, здольнасці і сэрца. Святарства – менавіта такая свабода: свабода для служэння. Святар адмаўляецца ад стварэння ўласнай сям’і не таму, што не разумее каштоўнасці чалавечай любові, а таму, што прагне стаць братам і айцом для многіх. Ён прымае паслухмянасць не таму, што не мае ўласнай волі, а таму, што жадае праз Касцёл распазнаваць Божую волю. Ён не належыць сабе, каб быць даступным для Бога і людзей”, – сказаў біскуп.
Па яго словах, кандыдату да пасвячэння трэба падумаць над пытаннямі: “Ці гатовы я быць не толькі каля алтара, але і побач з чалавекам у яго пакутах? Ці гатовы я служыць не толькі тады, калі мяне разумеюць і дзякуюць, але і тады, калі маё служэнне застаецца незаўважаным? Ці здольны я ісці туды, куды пашле мяне Касцёл, а не толькі туды, куды мне хочацца? Ці гатовы я стаць, паводле словаў апостала Паўла, «усім для ўсіх», каб хаця б некаторых прывесці да збаўлення?”
“Сёння многія не прыйдуць самі ў касцёл. Магчыма, яны ніколі не адкрыюць Святога Пісання і не пачуюць казання. Але яны могуць сустрэць святара. І менавіта праз яго словы, паводзіны, дабрыню, цярплівасць і бескарыслівае служэнне будуць ствараць сваё ўяўленне пра Бога і Касцёл, – адзначыў біскуп. – Святар можа дапамагчы ўбачыць прыгажосць Божага аблічча, але праз сваю нявернасць можа таксама засланіць яго”.
Вялікай небяспекай для будучага святара іерарх назваў тое, “калі чалавек перастае быць вучнем, калі лічыць, што ўжо ўсё зразумеў, што яму больш не патрабуецца парада, духоўнае кіраўніцтва, братэрская заўвага і асабістае навяртанне”. “Святар заўсёды павінен заставацца каля ног Настаўніка”, – дадаў біскуп. Таксама, па яго словах, святар “не пастаўлены над супольнасцю як суддзя чалавечых слабасцяў, а пасланы да людзей як сведка Божай міласэрнасці – сапраўдным жа яе сведкам можа стаць толькі той, хто сам яе спазнаў, хто ведае ўласную слабасць і з удзячнасцю прымае Божае прабачэнне”.

“Фармацыя ў семінарыі павінна не толькі весці да набыцця ведаў і пастырскіх навыкаў. Яна павінна вучыць жыць у праўдзе перад Богам. Нельга будаваць будучае святарства на знешняй правільнасці, хаваючы ўнутраныя цяжкасці і нявырашаныя праблемы. Хрыстус не патрабуе, каб вы ўжо сёння былі дасканалымі. Ён чакае, каб вы былі шчырымі, пакорнымі і гатовымі дазволіць Яму вас перамяняць, – сказаў біскуп. – Таксама пакліканне патрабуе вернасці і духоўнай дысцыпліны. Недастаткова аднойчы адказаць Богу «так» – яго трэба паўтараць штодзённа”.
Іерарх заклікаў кандыдатаў да пасвячэнняў выкарыстаць апошні этап семінарыйнай фармацыі як асаблівы дар, старацца яшчэ больш зблізіцца з Хрыстом, рыхтавацца да таго, каб “быць святаром усім сваім жыццём”, а не толькі выконваць святарскія абавязкі, і не імкнуцца “толькі весці іншых”, а найперш самім дазволіць Хрысту весці іх. “Касцёлу патрэбны святары, якія будуць шукаць не сябе, а чалавека для Бога і Бога для чалавека, святары малітвы і ахвярнасці, святары, якія не ўцякаюць ад цяжкасцяў, святары з чыстым сэрцам і адкрытымі вачыма, здольныя заўважаць не толькі чалавечыя памылкі, але найперш чалавечую тугу па любові, прабачэнні і надзеі”, – адзначыў біскуп.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






