8 верасня ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы (Сапоцкінскі дэканат) адзначылі адпустовую ўрачыстасць тытулу касцёла.
Таксама ў гэты дзень у парафіі павіншавалі пробашча кс. прэлата Вітальда Лазавіцкага з 70-годдзем і 42-й гадавінай святарства і падзякавалі Богу за сёлетні ўраджай. На літургіі было здзейснена благаслаўленне дажынкавых вянкоў, прынесеных парафіянамі.
Імшу цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, сярод удзельнікаў цэлебрацыі быў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч. Прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады, а таксама ахвярадаўцы і спонсары, з чыёй дапамогай парафіяльны касцёл за апошнія гады быў адрамантаваны.
З нагоды свята дажынак біскуп Гродзенскі ў гаміліі падзякаваў земляробам, дадаўшы, што “чалавек можа пасеяць і даглядаць, але жыццё і рост дае Бог” і што таму “дажынкі – свята ўдзячнасці, якая з’яўляецца адной з найважнейшых рыс хрысціянскага сэрца”. “Ураджай не дае нам права забыць пра Бога. Наадварот, ён павінен схіліць да ўдзячнай малітвы. Добрае здароўе, поспех, здольнасці і дасягненні не павінны станавіцца прычынай пыхі, бо ўсё гэта з’яўляецца даручаным нам дарам. А дар заўсёды азначае адказнасць. Калі Бог дае хлеб, Ён запрашае нас дзяліцца ім. Калі дае здольнасці – чакае, што мы выкарыстаем іх дзеля дабра. Калі дорыць доўгія гады жыцця – заклікае напоўніць іх любоўю. Калі кліча чалавека да святарства – даручае яму служэнне свайму народу”, – сказаў біскуп.

Віншуючы пробашча з юбілеем, іерарх пажадаў яму, каб у яго сэрцы “ніколі не згасла радасць святарства”, каб кожная Імша была для яго “жывой сустрэчай з Хрыстом”, кожнага чалавека ён прымаў “з айцоўскім сэрцам” і каб Бог дазволіў яму “яшчэ доўга служыць Касцёлу і бачыць добры плён пасеянага зерня”.
“Святару асабліва патрэбна малітва даручаных яму людзей”, – нагадаў біскуп і заклікаў парафіян маліцца за пробашча. “Падтрымлівайце сваіх святароў не толькі ў дзень юбілею, – дадаў ён. – Маліцеся за іх таксама тады, калі бачыце іх чалавечую слабасць, стомленасць або недасканаласць. Святар носіць вялікі скарб Божай ласкі, але носіць яго ў крохкім чалавечым начынні”.
Па словах біскупа, свята Нараджэння Панны Марыі, якое адзначаецца ў гэтай парафіі як адпустовая ўрачыстасць, дапамагае ўбачыць сувязь паміж хлебам, святарствам і Маці Божай: “Зерне павінна трапіць у зямлю і памерці, каб стаць хлебам. Святар павінен штодзённа паміраць для самога сябе, каб служыць Богу і людзям. Марыя аддала ўсё сваё жыццё Божай волі, каб даць свету Хрыста – Хлеб вечнага жыцця”. “Таму ўсё, што сёння адбываецца ў гэтай святыні, вядзе нас да Эўхарыстыі. На алтары хлеб – плод зямлі і працы чалавечых рук – стане Целам Хрыста. Тут нашая чалавечая праца сустрэнецца з Божай ласкай, а зямное стане дарогай да вечнага”, – сказаў іерарх.

“Свята Нараджэння Панны Марыі нагадвае: Бог пачынае вялікія справы ад малога. З малога зерня вырастае колас. З ціхай малітвы нараджаецца сіла. З аднаго вернага «так» можа распачацца новая гісторыя. Так было ў жыцці Марыі. Так адбываецца і ў жыцці кожнага чалавека, які давярае Богу, – адзначыў біскуп. – Не будзем баяцца сеяць дабро, нават калі не бачым хуткіх вынікаў. Не будзем стамляцца маліцца за сваіх дзяцей і ўнукаў. Не будзем губляць надзеі адносна чалавека, які адышоў ад Бога. Не будзем сумнявацца ў сэнсе штодзённай сумленнай працы. Бог бачыць кожнае зерне, ведае час яго росту”. Іерарх пажадаў, каб Панна Марыя прасіла Бога дапамагчы вернікам быць здольнымі “давяраць, дзякаваць і служыць”.
Свята завяршылася працэсіяй вакол касцёла і спевам гімну “Te Deum laudamus”, які выражаў падзяку Богу за атрыманыя парафіянамі дары і ласкі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






