Skip to main content

Біскуп Гродзенскі цэлебраваў Імшу ў межах пахавання бацькі кс. Артура Валчкевіча

photo 2026 09 08 17 37 53 37 верасня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй цэлебраваў у лідскай парафіі Святой Сям’і Імшу ў межах пахавання Яўгенія Валчкевіча, бацькі пробашча лідскай парафіі св. Юзафа, Рамесніка, і благаслаўлёных назарэтанак-мучаніц з Навагрудка кс. Артура Валчкевіча.

На літургіі прысутнічала шмат святароў, кансэкраваныя асобы, парафіяне, блізкія і знаёмыя памерлага.

У гаміліі біскуп прапанаваў “паглядзець на таямніцу смерці ў святле Божага слова і з хрысціянскай надзеяй даручыць спачылага Божай міласэрнасці”. Ён нагадаў, што смерць здаецца канцом усяго чалавеку, які глядзіць толькі зямнымі вачыма, а для хрысціяніна яна не з’яўляецца апошнім словам. Таксама ён адзначыў, што чалавек “пакліканы не да таго, каб замкнуцца ў сабе, а да таго, каб стаць дарам”, што “жыццё прыносіць сапраўдны плён тады, калі чалавек умее аддаваць сябе іншым”.

photo 2026 09 08 17 37 56

“Асаблівым чынам гэта датычыць бацькоўства. Бацька падобны да пшанічнага зерня. Быць бацькам – вялікі дар і адначасова адказная задача, – сказаў біскуп. – У кожным святарскім пакліканні ёсць таксама частка бацькоўскай і мацярынскай ахвяры. Аддаючы сына на службу Богу і людзям, бацькі згаджаюцца, што ён ужо не будзе належаць толькі сям’і, дзеляцца ім з Касцёлам”. “У гэтым сэнсе бацькі святара па-свойму ўдзельнічаюць у яго служэнні, – дадаў іерарх. – Кожная Імша, споведзь, благаслаўленне, кожны чалавек, якому святар дапамог наблізіцца да Бога, становяцца таксама таямнічым плёнам сям’і, у якой яго вера і пакліканне маглі ўзрастаць”.

Па словах біскупа, вера ў цяжкіх абставінах “азначае не адсутнасць слёз, а тое, што нават праз слёзы чалавек працягвае трымацца за руку Бога”. Акрамя таго, біскуп адзначыў: “На пахаванні мы не павінны ідэалізаваць чалавечае жыццё, бо перад Богам кожнаму з нас патрабуецца міласэрнасць. Мы прыходзім не для таго, каб вынесці канчатковы прысуд над жыццём чалавека, а каб аддаць яго ў рукі справядлівага і міласэрнага Айца”.

Пасля Імшы спачылы быў пахаваны на парафіяльных могілках у Беліцы.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі