6 верасня ў в. Плябанаўцы, якая адносіцца да парафіі ў Індуры (дэканат Гродна-Захад), адзначылі 20-годдзе з часу асвячэння капліцы Маці Божай Міласэрнасці (Вастрабрамскай).
Святкаванне ўзначаліў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, які асвяціў капліцу 10 верасня 2006 г., калі быў ардынарыем Гродзенскай дыяцэзіі. У вёсцы доўгі час не было каталіцкай святыні акрамя прыдарожнага крыжа, устаноўленага на рубяжы XIX-XX стагоддзяў. У 2005 г. мясцовыя жыхары вырашылі перабудаваць пад капліцу будынак вясковага клуба.
У святкаванні ўдзельнічалі шматлікія вернікі вёскі і наваколля, а таксама тыя, хто паходзіць адсюль, а жыве ў Гродне.

Пробашч індурскай парафіі кс. Ігар Анісімаў, вітаючы прысутных, падкрэсліў важнасць гэтага дня для мясцовых католікаў, якія рыхтаваліся да святкавання доўгі час.
Біскуп, звяртаючыся да прысутных, звярнуў увагу на тое, наколькі важны гэты будынак, які стаў асаблівым месцам сустрэчы людзей з Богам. Іерарх падзякаваў вернікам за іх рашэнне дваццаць гадоў таму стварыць у Плябанаўцах Божы дом.
Біскуп заахвоціў парафіян працягваць трываць у веры, любіць Бога і Касцёл. Маладое пакаленне ён заклікаў шанаваць традыцыі і звычаі бацькоў і перадаць хрысціянскія каштоўнасці наступнікам.
У канцы святкавання парафіяне падзякавалі біскупу, дэкану дэканату Гродна-Захад кс. каноніку Віктару Мыслюку, які прамовіў гамілію, свайму душпастыру і ўсім святарам, якія служылі ў капліцы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






