З 4 па 6 верасня ў навагрудскай парафіі св. Арханёла Міхала адбыліся малітоўныя рэкалекцыі пакаяння за Беларусь, у якіх узялі ўдзел вернікі з розных месцаў краіны.
“Гэтыя дні сталі сапраўдным духоўным уздымам, калі нястомна гучала просьба да Міласэрнага Айца за наш край, – кажуць у парафіі. – Удзельнікі рэкалекцый былі аб’яднаны адной трывогай і адной надзеяй — выратаваннем Айчыны праз малітву, пакаянне і ўміласціўленне Божага гневу”.
Распачаліся рэкалекцыі Імшой, якую цэлебраваў у інтэнцыі перапрашэння і ўміласціўлення Бога за чалавечыя грахі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У гаміліі іерарх казаў пра глыбіню і неабходнасць малітвы, посту і ўміласціўлення за грахі. У парафіі адзначаюць: “Яго гамілія настроіла ўдзельнікаў рэкалекцый на сур’ёзны малітоўны лад”.
Каб дапамагчы вернікам больш свядома ўдзельнічаць у супольных малітвах, пасля Імшы пробашч парафіі ў Скідзелі кс. Алег Пятрашка растлумачыў сутнасць паняццяў, якія сталі лейтматывам рэкалекцый: пакаяння, перапрашэння і ўміласціўлення. Святар падкрэсліў, што без шчырага жалю за грахі немагчыма аздараўленне ні душы, ні грамадства.

Знакавай падзеяй першага дня стаў Крыжовы шлях пакаяння вуліцамі Навагрудка, які прайшоў увечары. Удзельнікі неслі запаленыя свечкі, у ходзе набажэнства разважалі над мукамі Езуса Хрыста і перапрашалі Бога за грахі сучаснасці. Кульмінацыяй экспіяцыі за грахі стала малітва “Prostratio Perfecta” (ляжанне крыжам), якая адбылася непасрэдна пасля Крыжовага шляху. На ёй біскуп Алег прамовіў пакаянную малітву прарока Даніэля.
Затым прысутныя маліліся фацімскім Ружанцам, які быў дапамогай у падрыхтоўцы да ўсяночнай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. На адарацыі, якая доўжылася да ранку, была магчымасць, чуваючы ў цішыні, даручыць Езусу лёс Беларусі.
Раніцай наступнага дня да ўдзельнікаў звярнуўся з разважаннем на тэму актуальнасці фацімскіх пасланняў у нашы дні пробашч парафіі ў Бярозаўцы кс. Андрэй Радзевіч. У разважанні паказвалася, што фацімскія аб’яўленні і папярэджанні Панны Марыі – не мінулая гісторыя, а жывое пасланне для сучаснага чалавека, які згубіў пачуццё граху і Божай прысутнасці. Асаблівы націск быў зроблены на неабходнасці штодзённага Ружанца і ахвяры за грахі іншых. Святар дадаў, што маліцца за сваю Айчыну – не прапанова, а абавязак кожнага католіка.
Пасля была магчымасць памаліцца Гадзінкамі аб Беззаганным Зачацці Багародзіцы і ўзяць удзел у набажэнстве да Маці Божай Нястомнай Дапамогі, на якім праз заступніцтва Панны Марыі многія выказалі асабістыя просьбы і праблемы.
Днём адбылася пешая пакаянная пілігрымка з Навагрудка ва Уселюб. Нягледзячы на дождж і моцны вецер, удзельнікі прайшлі гэты шлях з малітвай на вуснах.
Адразу пасля паломніцтва адбылася Імша ў інтэнцыі супакою на нашай зямлі, аб тым, каб Бог захаваў Беларусь ад вайны, голаду, прыродных катаклізмаў, заразы, нянавісці і бязбожнасці.
Увечары адбылося фацімскае набажэнства з працэсіяй вакол касцёла, удзельнікі пад спеў “Ave Mariа” зноў неслі запаленыя свечкі. У парафіі адзначаюць: “Гэтая прыгожая і ўзнёслая працэсія нагадала пра перамогу святла над цемрай”.
Затым распачалася чарговая ўсяночная адарацыя, у пачатку якой маліліся Ружанец, праз заступніцтва Маці Божай просячы Езуса аб абароне.
Рэкалекцыі завяршыліся ўрачыстай нядзельнай Імшой падзякі за дар гэтых духоўных практыкаванняў і супольнай малітвы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






