Skip to main content

Біскуп Гродзенскі на пачатак навучальнага года ў тэалагічным каледжы: “Тут трэба вучыцца не толькі гаварыць пра Бога, але і слухаць Яго”

photo 2026 09 07 14 51 075 верасня ў Тэалагічным каледжы імя св. Казіміра ў Гродне ўрачыста распачаўся навучальны год. У гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі адбылася Імша з удзелам кіраўніцтва, выкладчыкаў і навучэнцаў каледжа.

Імшу цэлебраваў у інтэнцыі калектыву каледжа і асабліва за тых, хто сёлета пачынае вучобу ў ім, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

У гаміліі біскуп адзначыў: “У свеце чалавек часта ацэньваецца паводле дасягненняў, адукацыі, пасады, уплыву і прызнання. Існуе небяспека, што і рэлігійныя веды могуць стаць нагодай для ўзвышэння. Можна пачаць лічыць сябе лепшым, бо мы больш прачыталі, ведаем больш паняццяў, вывучылі Святое Пісанне, гісторыю Касцёла ці катэхізіс. Аднак апостал Павел нагадвае: усё з’яўляецца дарам. Здольнасць вучыцца, сустрэча з добрымі настаўнікамі, магчымасць пазнаваць праўды веры – дар. Нават наша жаданне служыць Богу і людзям нараджаецца дзякуючы Божай ласцы”. Па словах іерарха, калі ўсвядоміць гэта, у сэрцы не будзе месца для пыхі.

На літургіі біскуп уручыў дыпломы выпускнікам каледжа. У сувязі з гэтым ён сказаў у гаміліі: “Дыплом павінен стаць пасланнем да служэння. Касцёл мае патрэбу ў вашай веры, падрыхтоўцы, руплівасці і адвазе, чакае, што вы будзеце людзьмі, якія не толькі ведаюць пра Хрыста, але перадусім жывуць у сяброўстве з Ім. Святы Павел апісвае служэнне апосталаў вельмі рэалістычна, не абяцае ім лёгкага жыцця, грамадскага прызнання або зямной славы. Апосталы церпяць голад і смагу, знявагі і пераслед. Калі іх праклінаюць, яны благаслаўляюць; калі пераследуюць – пакутуюць; калі ачарняюць – адказваюць лагодна. Менавіта так выглядае сапраўднае хрысціянскае сведчанне”. “Катэхет пакліканы непасрэдна ўдзельнічаць у евангелізацыйнай місіі Касцёла, – дадаў іерарх. – Гэта не толькі настаўнік, які перадае рэлігійныя веды. Ён сведка, выхавацель у веры і спадарожнік чалавека на яго шляху да Бога”.

Па словах біскупа, катэхет павінен “не толькі перадаваць інфармацыю, але духоўна нараджаць чалавека для жыцця з Хрыстом”, “добры катэхет радуецца духоўнаму ўзрастанню вучняў, цярпліва іх суправаджае, не адкідае таго, хто памыляецца, і не губляе надзеі адносна таго, хто адышоў ад Касцёла”, ён “павінен быць сведкам, што вера дае апору ў цяжкасцях, вучыць прабачаць, дапамагае падымацца пасля падзенняў і адкрывае надзею, якой не можа даць гэты свет”.

photo 2026 09 07 14 51 04 2

Іерарх адзначыў, што “праўду Евангелля трэба перадаваць верна і цалкам, не змяняючы яе паводле духу часу, але рабіць гэта так, як рабіў Хрыстус: з любоўю, цярплівасцю і міласэрнасцю”. “Можна гаварыць пра Бога так, што чалавек захоча да Яго наблізіцца, але, на жаль, і так, што чалавек адчуе сябе адкінутым і асуджаным. Таму кожны катэхет павінен маліцца не толькі аб ведах, але і аб мудрасці сэрца: каб умець адрозніць грэх ад грэшніка, ясна называць зло, але ніколі не пераставаць любіць чалавека”, – патлумачыў біскуп.

Ён дадаў, што “тэалагічны каледж павінен быць не толькі месцам, дзе чалавек атрымлівае веды, але і школай хрысціянскай сталасці, тут трэба вучыцца не толькі гаварыць пра Бога, але і слухаць Яго, не толькі тлумачыць малітву, але і маліцца, не толькі разважаць пра любоў да бліжняга, але і служыць яму”.

Таксама на літургіі біскуп уручыў заліковыя кніжкі навучэнцам першага курса. У гаміліі ён параіў ім: “Не бойцеся задаваць пытанні. Сапраўдная вера не баіцца шчырага пошуку. Аднак памятайце, што не ўсе адказы можна знайсці ў кнігах – некаторыя з іх адкрываюцца на каленях, у цішыні перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, у слуханні Божага слова і служэнні. Не вывучайце тэалогію толькі дзеля дыплома. Дазвольце, каб пазнаная праўда змяняла вас саміх”.

“Няхай словы святога Паўла: “Што маеш, чаго б не атрымаў?” абудзяць у нас удзячнасць за кожны Божы дар, вызваляць ад пыхі і самазадаволенасці, дапамогуць зразумець, што ўсё атрыманае павінна быць ператворана ў служэнне. Няхай веды служаць веры. Няхай вера выражаецца ў любові. Няхай любоў вядзе нас да чалавека, а кожная наша сустрэча з ім няхай становіцца магчымасцю прынесці яму Хрыста”, – пажадаў біскуп.

Выпускнікі падзякавалі кіраўніцтву каледжа за магчымасць атрымаць веды, паабяцалі, што ў сваім служэнні ў парафіях будуць браць прыклад з апосталаў.

Першакурснікі падзякавалі за прыняцце на вучобу, паабяцалі, што прыкладуць усе старанні, каб умацоўваць сваю веру, паглыбляць веды і ў далейшым дапамагаць Касцёлу сваім служэннем.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі