Skip to main content

Свята дажынак у Ваверцы з удзелам біскупа Кашкевіча: “Няхай зерне нашай веры і пабожнасці прынясе шчодры плён у вечнасці”

photo 2026 08 31 15 14 0130 жніўня парафія Перамянення Пана ў Ваверцы (Лідскі дэканат) адзначыла свята ўраджаю – дажынкі. Імшу ў парафіяльным касцёле цэлебраваў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч.

На літургіі сабраліся шматлікія парафіяне і госці, сярод якіх былі працаўнікі сельскай гаспадаркі і кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Біскупа прывіталі пробашч кс. Андрэй Роўба CRL і парафіяне. Імшу іерарх цэлебраваў у інтэнцыі парафіі і ў знак падзякі Богу за дар ураджаю. Свята дажынак адзначаецца ў гэтай парафіі больш за чвэрць стагоддзя, праходзіць у апошнюю нядзелю лета.

У гаміліі біскуп сказаў, што любоў да бліжняга і жаданне служыць яму нараджаецца з “усведамлення, што ўсіх нас адарыў Бог і што ўсё, што мы маем, з’яўляецца Яго ласкай”. Свята дажынак, па яго словах, таксама дае нагоду ўсвядоміць, што “ўсё, што ў нас ёсць, у тым ліку сёлетнія плады зямлі, – дар Бога”.

photo 2026 08 31 15 14 00 2

“Тое, што мы дзякуем Богу, не памяншае заслуг людзей. Аднак без Яго благаслаўлення нашы чалавечыя высілкі і праца былі б нічым, – адзначыў біскуп. – Пану не патрэбна падзяка. Яго любоў цалкам бескарыслівая і незалежная ад нашай удзячнасці. Ён любіць нас не для таго, каб мы Яму дзякавалі, а толькі таму, што Ён сама Любоў і проста не можа нас не любіць. Гэта нам патрабуецца выражаць сваю ўдзячнасць Яму, каб яшчэ больш умацоўвацца ў веры і вучыцца браць прыклад з дабрыні нашага Айца”.

“Няхай наша сённяшняя падзяка Пану таксама прычыніцца да нашага асвячэння, каб мы стараліся прыносіць Яму самыя прыгожыя і шчодрыя духоўныя плёны”, – пажадаў іерарх. Ён нагадаў, што Езус Хрыстус параўноўваў Божае слова да зерня, якое сейбіт кідае ў зямлю. “Будзем жа прасіць Бога, каб нашы сэрцы заўсёды былі добрай, урадлівай, належным чынам падрыхтаванай глебай, каб зерне нашай веры і пабожнасці ўзрастала з дня на дзень і прынесла самы шчодры плён у вечнасці. Як наша вока цешаць прыгожыя, моцныя, спелыя каласы, так няхай нашы цноты і дабро, якое мы чынім у жыцці, цешаць вочы Бога, нашага любячага Айца, які ўсіх сваіх дзяцей хоча прывесці да вечнага шчасця. Будзем, як казаў святы брат Альберт Хмялоўскі, добрымі, як хлеб, які для ўсіх ляжыць на стале і з якога кожны можа адрэзаць сабе кавалак”, – заахвоціў біскуп.

У межах літургіі адбылася працэсія да алтара з дарамі: земляробы, кіраўнікі прадпрыемстваў, пенсіянеры, моладзь прынеслі боханы хлеба. У канцы Імшы боханы былі падзелены паміж прысутнымі. Удзельнікі літургіі называюць гэта вельмі красамоўным знакам.

Многія бралі кавалачкі хлеба з сабой – каб, па словах удзельнікаў, занесці пажылым і хворым. Некалькі боханаў былі перададзены ў шпіталь і ў дом састарэлых.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі