Skip to main content

У Тракелях прайшлі рэкалекцыі для моладзі гродзенскай парафіі Святога Духа

IMG 20260824 221456 819З 18 па 20 жніўня ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях прайшлі рэкалекцыі для моладзі гродзенскай парафіі Святога Духа.

Рэкалекцыі правёў вікарый парафіі кс. Дзмітрый Роўны. Гэтыя духоўныя практыкаванні давалі ўдзельнікам магчымасць роздуму, галоўнай тэмай было адзінства – маладым парафіянам прапаноўвалася паразважаць над гэтым, каб зразумець, як быць разам, нягледзячы на розныя жыццёвыя сытуацыі.

На Імшы, якой пачаліся рэкалекцый, ксёндз Дзмітрый у гаміліі параўнаў чалавечае жыццё з чыстым белым лістом. Па яго словах, калі чалавек нараджаецца, у яго няма плямаў, а з гадамі жыццё пакідае адбіткі, людзі атрымліваюць розныя “ярлыкі” і траўмы як ад ворагаў, так і ад блізкіх, і ліст становіцца падобным на дошку, пранізаную “цвікамі”, якія балюча нагадваюць пра мінулае. Удзельнікі рэкалекцый адзначаюць, што гэтая думка знайшла водгук у сэрцы амаль кожнага з іх.

IMG 20260824 221505 921

У той жа дзень прайшла адарацыя, на якой удзельнікі мелі магчымасць у поўнай цішыні памаліцца ў глыбіні сэрцаў у асабістых інтэнцыях. Завяршыўся дзень гульнямі і благаслаўленнем на ноч.

Другі дзень распачаўся малітвай і разважаннем над Евангеллем паводле Мацвея. Прыпавесць пра гаспадара і работнікаў вінаградніку натхніла моладзь на размову ў межах біблійнай сустрэчы. Прыйшлі да высновы, што галоўны сэнс прыпавесці не ў тым, каб зарабіць намаганнямі любоў Бога, а ў тым, каб прыняць Яго бязмежную шчодрасць. Таксама ўдзельнікі заўважылі, што прыпавесць папярэджвае аб зайздрасці і эгаізме, адзначылі, што гэтыя з’явы вельмі часта сустракаюцца і ў звычайным жыцці.

Пасля Імшы і абеду адбыўся Ружанец, у межах якога разам маліліся ў агульных інтэнцыях. Разважанні да малітвы падрыхтавала моладзь. Завяршыўся дзень размовамі, танцамі і смажаннем кілбасак каля вогнішча.

Цэнтральнай падзеяй апошняга дня была Імша, на якой ксёндз Дзмітрый закрануў тэму адзінства. Святар падкрэсліў, што любоў Бога не трэба заслугоўваць, бо Ён любіць усіх аднолькава моцна і безумоўна, дадаў: “Мы прывыклі дасягаць, старацца, быць лепшымі, але Бог любіць нас проста таму, што мы ёсць”. На заключнай сустрэчы пасля літургіі кожны мог падзяліцца перажываннямі і пачуццямі.

Удзельнікі кажуць: “Досвед і атмасфера рэкалекцый застануцца з намі надоўга і будуць напамінаць, што сапраўдная вера жыве не толькі ў малітве, але і ў штодзённых адносінах, калі яны поўныя дабрыні, павагі і разумення”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі