Дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) прымаў скаўтаў і скаўтак з усёй краіны, якія сабраліся разам, каб адзначыць 25-годдзе скаўтынгу ў Беларусі.
На працягу некалькіх дзён каталіцкія скаўты супольна маліліся на ружанцы, адаравалі Пана Езуса, прымалі актыўны ўдзел у св. Імшах. Гэтыя моманты яшчэ раз паказалі, што каталіцкі скаўтынг – гэта не проста гульні і паходы. Гэта рух, заснаваны на глыбокай хрысціянскай філасофіі, дзе галоўная мэта кожнага ўдзельніка – стаць лепшым хрысціянінам, пазнаючы Бога праз служэнне бліжнім.
Акрамя малітвы, быў таксама час на забавы, інтэграцыйныя танцы і асабліва на кранальнае вогнішча. Кожная адзінка падзялілася часцінкай сваёй гісторыі, а агульны агонь, у які кожны шэф падкінуў дровы ў знак яднання і любові, стаў сімвалам сапраўднага адзінства. Гэта была нагода яшчэ раз адчуць, што санктуарый, дзе захоўваецца цудадзейны абраз Маці Божай Тракельскай, ужо шмат гадоў з’яўляецца месцам сілы і духоўнай падтрымкі для вернікаў.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






