У сувязі з тым, што зараз праходзіць І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі, дэвіз якога “Жыць Евангеллем”, прапануем вашай увазе матэрыялы на сінадальную нядзелю жніўня. Гэтыя матэрыялы знаёмяць з працай сінадальнай камісіі па справах літургічнай музыкі і касцёльнага спеву.
Старшыня камісіі – кс. Павел Гедройць.
Малітва ў інтэнцыі Сіноду
Духу Святы, Божа, Ты вядзеш і ажыўляеш Касцёл, Абранніцу Хрыста. Просім Цябе праз Першы Сінод нашай дыяцэзіі аднавіць і асвяціць Касцёл на Гродзеншчыне. Просім Твайго святла. Прыйдзі і заставайся з намі. Умацоўвай нашага біскупа Уладзіміра, прэзбітэраў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў, адказных за справу Сінода. Марыя, Маці Міласэрнасці, святы Казімір, святы Максімільян, усе святыя і бласлаўлёныя гродзенскай зямлі – маліцеся за нас.
Што такое Сінод?
Дыяцэзіяльны Сінод – гэта дарадчы сход біскупа, група абраных членаў дыяцэзіі, якія, працуючы ў камісіях, дапамагаюць дыяцэзіяльнаму біскупу ў прыняцці рашэнняў, што тычацца Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі. Біскуп заахвочвае ўсіх вернікаў выслухаць прапановы сінадальных камісій па важных для нашай дыяцэзіі пытаннях, а таксама падзяліцца сваім меркаваннем на хвалюючыя тэмы.
Мы верым, што праз Сінод Святы Дух звяртаецца да нашага мясцовага Касцёла і кіруе ім.
Камісія па справах літургічнай музыкі і касцёльнага спеву
Камісія займаецца аналізам, праверкай, абгрунтаваннем і практычным прымяненнем літургічнай музыкі і духоўнага спеву ў нашай дыяцэзіі.
Мы з’яўляемся спадкаемцамі музычнай традыцыі Віленскай архідыяцэзіі. З яе часткі 35 гадоў таму была заснавана Гродзенская дыяцэзія. Варта падкрэсліць, што музычная культура на нашых землях патрабуе не толькі новых выклікаў, але і “жыватворных сокаў”, каб літургічны і рэлігійны спеў мог развівацца з духам веры, захаваннем традыцый і з любоўю да Адзінага Бога ў Святой Тройцы.
Кожны чалавек знаёміцца з гэтым светам, створаным любячым Нябесным Айцом. Мы захапляемся, назіраем і адкрываем, што кожны з нас з’яўляецца часткай Божага плану.
Бацькі, настаўнікі, катэхеты, выкладчыкі і прафесары перадаюць не толькі веды, але і гісторыю, традыцыі і культуру. Менавіта музычная культура імкнецца адкрыць і дакрануцца да глыбінь чалавечай душы. Як казаў св. Аўгусцін: “Сэрца чалавека неспакойнае, пакуль не знойдзе супакой у Богу”.
Бог прагне быць адкрытым, пазнаным і любімым. І менавіта літургічная і рэлігійная музыка дапамагае людзям наладзіць сувязь з Творцам, пакланяцца Яму, праслаўляць, дзякаваць, прасіць і перапрошваць. Музыка дапамагае нам лепш зразумець сваю місію ў свеце. Кожная жыццёвая падзея, якую мы перажываем, не абыходзіцца без удзелу музыкі. І тым больш рэлігійнае жыццё чалавека.
З таго моманту, як новае жыццё зачынаецца пад сэрцам маці, яно рэагуе на спеў і музыку. Калі мама спявае калыханку свайму дзіцяці, яно засынае ў яе любячых абдымках.
Літургічная і рэлігійная музыка мае патрэбу ў новым духоўным імпульсе, каб пашырыць гарызонты не толькі музычныя, але і духоўныя. Неабходна стварыць у нашай дыяцэзіі арганную школу для падрыхтоўкі і выхавання арганістаў і касцёльных музыкантаў. Каб у кожнай парафіі музычная культура не знікала, а аднаўлялася, адраджалася і расла, патрэбны людзі Духа Божага, руплівыя дзеля Божай хвалы. Узгадваючы словы св. Аўгусціна, “хто добра спявае, той двойчы моліцца”.
Такім чынам, мэтай камісіі па справах літургічнай музыкі і касцёльнага спеву з’яўляецца падрыхтоўка адзінай праграмы на бліжэйшыя дзесяцігоддзі па ўкараненні, развіцці, распаўсюджванні музычнай, літургічнай і рэлігійнай культуры ў нашай дыяцэзіі, а таксама падрыхтоўка добрых спецыялістаў – арганістаў і кароўнікоў хораў, якія будуць пашыраць музычную сакральную культуру ў нашых парафіях.
“Ідзіце туды, дзе чуеце спевы – там людзі маюць добрыя сэрцы. Дрэнныя людзі, паверце, ніколі не спяваюць!”
Няхай св. Цэцылія, апякунка музыкантаў, выпрасіць у Бога для ўсіх людзей добрай волі любоў і адданасць музычнаму, літургічнаму і рэлігійнаму жыццю.






