15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, парафіяльная супольнасць у Адэльску (дэканат Гродна-Захад) перажывала галоўную адпустовую ўрачыстасць.
На Эўхарыстыю ў гістарычнай святыні сабраліся шматлікія парафіяне, госці, а таксама святары. Усіх прысутных прывітаў пробашч парафіі кс. канонік Віктар Мыслюк.
Літургію ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч, які ўдзяліў групе моладзі сакрамант хрысціянскай сталасці. У гаміліі біскуп падкрэсліў, што Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі заўсёды нагадвае пра канчатковае прызначэнне чалавека і пра тое, што зямное жыццё з’яўляецца шляхам, які вядзе ў вечнасць.

Звяртаючыся да тых, хто быў узбагачаны сямю дарамі ў сакраманце канфірмацыі, біскуп падкрэсліў, што варта ставіць перад сабой мэты, але заўсёды памятаць аб самай важнай з іх – Небе.
Ён пажадаў маладым людзям, каб прынятыя імі дары Святога Духа дапамагалі ў штодзённым ажыццяўленні свайго жыццёвага паклікання.
Святкаванне адпусту завяршылася Эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Максімільян Пік






