15 жніўня Касцёл адзначыў урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Асаблівым чынам яе сёлета перажывалі вернікі Іўеўскага дэканата.
Асвячэнне капліцы з фігурай Маці Божай у Лаздунах
У Лаздунах перад касцёлам свсв. апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша адбылося асвячэнне капліцы з фігурай Маці Божай. Распачалася ўрачыстасць Эўхарыстыяй, якую канцэлебравалі трое святароў: дэкан Іўеўскага дэканата кс. Павел Калеснік, пробашч парафіі св. Юзафа Рамесніка і бл. сясцёр назарэтанак, мучаніц, у Лідзе кс. Артур Валчкевіч, пробашч парафіі свсв. Сымона і Юды Тадэвуша кс. Эрнэст Мікалайчык.
Над Божым словам з вернікамі разважаў кс. Артур Валчкевіч. Ён распавёў пра гісторыю ўрачыстасці Унебаўзяцця і заахвоціў кожнага ісці за Езусам па прыкладзе Марыі.
Асвяціў капліцу кс. Павел Калеснік.
Урачыстасць у Лаздунах стала нагодай, каб падзякаваць не толькі тым, хто прычыніўся да стварэння капліцы, але і тым, хто на працягу многіх гадоў дапамагае парафіі і клапоціцца аб яе развіцці.
Урачыстасць у Дудах
Сёлетні фэст у Дудах стаў працягам даўняй традыцыі: да Маці Божай прыйшлі пілігрымы, адбылася ўрачыстая св. Імша і Эўхарыстычная працэсія.
У пешай пілігрымцы з Іўя ў Дуды прыбыло 140 пілігрымаў. Людзі ішлі пешкі шэсць кіламетраў, што заняло паўтары гадзіны. Такое невялічкае паломніцтва дае магчымасць прайсці шлях да Маці Божай не толькі лёгкім на пад’ём маладым людзям, але і сталым іўеўчанам.
Хоць касцёл у Дудах асвечаны ў гонар Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі і парафіяльнае свята прыпадае на 8 верасня, па традыцыі вернікі імкнуцца трапіць у Дуды 15 жніўня.

На пачатку ўрачыстасці пробашч дудскай парафіі кс. Вячаслаў Матукевіч прывітаў усіх прысутных: парафіянаў, духоўных асоб, пілігрымаў, якія не толькі прыйшлі пешшу, але і прыехалі на веласіпедах і машынах з наваколля. Гамілію прамовіў кс. Антоній Адамовіч, пробашч парафіі ў Цудзенішках.
Пасля Эўхарыстыі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, працэсія вакол касцёла, а таксама традыцыйнае бласлаўленне садавіны, агародніны, кветак, зёлак і рэлігійных рэчаў.
Асвячэнне прыдарожнага крыжа
У аг. Цэнтральная адбылося асвячэнне прыдарожнага крыжа. Крыж быў створаны намаганнямі мясцовых вернікаў. Асвячэнне здзейсніў а. Віталій Юркевіч OFMCap.
Вечныя манаскія абяцанні
У Познані (Польшча) тры манаскія сястры з супольнасці Сясцёр Місіянерак Хрыста Валадара прынеслі вечныя манаскія абяцанні. Сярод іх – с. Анастасія Мішкура, якая паходзіць з парафіі св. Мікалая ў Геранёнах.
Перад уступленнем у супольнасць с. Анастасія скончыла Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах. Пэўны час яна была катэхеткай у сваіх родных Геранёнах, праводзіла заняткі для дзяцей і моладзі пры геранёнскай парафіі, а таксама працавала настаўніцай пачатковых класаў у Іўі.
Раман Ярмош






