9 жніўня ў гродзенскай парафіі Святога Духа ў мікрараёне Альшанка адбыўся музычна-паэтычны вечар. Арганізатарам і духоўным натхняльнікам культурнай падзеі выступіў кс. вікарый Дзмітрый Роўны. Галоўнай падзеяй сустрэчы, якая сабрала дзесяткі вернікаў на заходзе дня, стала душэўнае выступленне музычна-паэтычнай арцелі “Калыханка”.
Творчая сустрэча аб’яднала вернікаў розных пакаленняў, жыхароў мікрараёна і гасцей парафіі. Асаблівую, цёплую атмасферу стварыў час правядзення мерапрыемства, а прамяні заходзячага сонца падкрэслілі прыгажосць архітэктуры святыні і настроілі прысутных на глыбокі хрысціянскі роздум.
Праграма вечара была сугучная з хрысціянскімі каштоўнасцямі. Разважанні пра Бога, вершы і песні пра сямейныя перажыванні, пра важнасць сям’і, а таксама пра любоў да сябе і бліжняга.

Ініцыятар вечара кс. Дзмітрый прывітаў артыстаў і парафіян. Сустрэча пачалася супольнай малітвай, у якой святар і вернікі праславілі Бога за падараваныя чалавеку таленты. Варта падкрэсліць, што падобныя ініцыятывы дапамагаюць будаваць жывую супольнасць, культурна адукоўвацца, задумвацца аб высокім.
Вечар завяршыўся словамі падзякі ў адрас артыстаў, а таксама пастырскім бласлаўленнем. Кранальным пунктам сустрэчы стала агульнае памятнае фота, калі ўдзельнікі і гледачы ў прыцемках запалілі ліхтарыкі. Кожны вернік змог забраць з сабой частку гэтага святла, каб сагрэць ім свой дом, сям’ю, сяброў.
Анджэй Рушніцкі, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






