Skip to main content

Кс. Мікалай Ціхановіч адзначыў сярэбраны юбілей святарства ў роднай парафіі

photo 2026 08 10 12 54 236 жніўня, у свята Перамянення Пана, парафія ў Юрацішках (Іўеўскі дэканат) перажывала адпустовую ўрачыстасць.

У гэты дзень кс. канонік Мікалай Ціхановіч, які паходзіць з гэтай парафіі, адзначаў сярэбраны юбілей святарства.

Як паведамляе catholicnews.by, чвэрць века таму, у 2001 годзе, святар упершыню ўзышоў да алтара. І гэтая дата мае асаблівае значэнне для мясцовай парафіі: пасля доўгага перапынку менавіта кс. Мікалай стаў першым святаром, які паходзіць з Юрацішкаў.

На літургіі прысутнічалі маці кс. Мікалая, яго сястра, пляменніца з сям’ёй, родныя, настаўніца, парафіяне з першага месца служэння – Астраўца – і тыя аднавяскоўцы, якія памятаюць святара яшчэ малым хлопцам.

photo 2026 08 10 12 54 23 2

Цяперашні пробашч парафіі Перамянення Пана кс. Віталій Чурган, вітаючы юбіляра, сказаў: “Збіраемся сёння, каб святкаваць свята мясцовага касцёла, але разам з тым перажываем яшчэ адну ўрачыстасць – падзяку за юбілей святарскага жыцця нашага земляка. Здаецца, чвэрць века, 25 гадоў – нібыта мала, але, як паказвае практыка, гэта вельмі шмат. Ён тут сярод вас нарадзіўся, сярод вас рос, хадзіў у школу. Разам з вамі і дзякуючы вашым малітвам атрымаў пакліканне, якое прывяло яго да годнасці святара”.

Настаўніца кс. Мікалая ўзгадала, што ён быў узорным вучнем, выдатным спартсменам, актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці з артыстычнымі данымі, далікатным у адносінах да старэйшых, настаўнікаў і сяброў.

Сёння з парафіі Перамянення Пана ў Юрацішках паходзяць 4 святары і 2 манахіні.