Skip to main content

Біскуп Аляксандр Кашкевіч узначаліў св. Імшу на заканчэнне ўрачыстасцей у гонар Маці Божай Кангрэгацкай

photo 2026 08 06 17 12 204–5 жніўня ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбыліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Кангрэгацкай, цудадзейны абраз якой знаходзіцца ў бакавым алтары святыні. Св. Імшу на заканчэнне двухдзённых урачыстасцей узначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

На Эўхарыстыі сабралася шматлікае духавенства, а таксама вернікі горада над Нёманам.

У гаміліі біскуп Аляксандр нагадаў, што ўжо больш за тры стагоддзі гродзенская святыня, у якой знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Кангрэгацкай, з’яўляецца месцам, дзе вернікі праз заступніцтва Марыі атрымліваюць суцяшэнне, паяднанне з Богам і незлічоныя ласкі.

photo 2026 08 06 17 12 15

Разважаючы над сцэнай Звеставання, біскуп адзначыў, што духоўная веліч Марыі вынікае не толькі з Божага абрання, але і з Яе свядомага і вернага адказу на Божы заклік. Іерарх звярнуў увагу на тое, што, хоць пакліканне Маці Божай было ўнікальным, шлях да святасці, які вядзе праз слуханне і выкананне Божага слова, застаецца актуальным узорам для кожнага хрысціяніна і вядзе да канчатковай мэты чалавечага жыцця – збаўлення і з’яднання з Богам.

Напрыканцы св. Імшы пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі падзякаваў біскупу за ўзначальванне ўрачыстасці, а ўсім прысутным – за дар супольнай малітвы.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Максімільян Пік