2 жніўня дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска наведаў парафію св. Міхала Арханёла ў Ашмянах, дзе цэлебраваў урачыстую св. Імшу, якую ахвяраваў за ўсю ашмянскую парафію.
Прамаўляючы казанне, біскуп звярнуў увагу вернікаў на адну з найбольш істотных праўдаў каталіцкай веры: ласка Божая неабходна для нашага збаўлення.
“Цяпер нават малыя дзеці разумеюць, што планшэт і тэлевізар маюць розныя кабелі для зарадкі, а татаву машыну не накорміш чыпсамі і колай, – пажартаваў біскуп, а потым дадаў ужо сур’ёзна: Чаму ж тады мы, дарослыя і разумныя, думаем, што душу можна падсілкаваць музыкай ці танцамі, адпачынкам каля ракі ці шашлыкамі ў коле сяброў? Душа не корміцца гэтым. Душа патрабуе аднаго толькі Бога і жыве толькі той моцай, якая зыходзіць ад Яго. Гэтую моц мы называем ласкай Божай”.

Біскуп Андрэй заахвоціў прысутных шчыра адказаць на пытанне св. Паўла з другога літургічнага чытання. “Хто можа аддзяліць нашую душу ад крыніцы Божай ласкі, якая ёсць у Касцёле, у святых сакрамантах, у чытанні Божага слова, у малітве? – запытаў іерарх услед за Апосталам. І сам адказаў: – Ні пераслед, ні меч, ні голад, ні таксама ніякія забароны не могуць аддзяліць чалавека ад Бога. Нашыя дзяды і бацькі ўсё гэта перажылі пры бязбожнай камуністычнай уладзе і здолелі захаваць веру. А шчыры адказ такі: толькі мы самі можам аддзяліць сябе ад Бога, адвярнуўшыся ад Яго і занядбаўшы рэлігійныя абавязкі. Сённяшняе Божае слова – моцная перасцярога для кожнага з нас, каб не змарнавалі свае душы праз голад Божай ласкі!”
Урачыстая літургія першай нядзелі жніўня завяршылася ў Ашмянах эўхарыстычным набажэнствам і працэсіяй вакол святыні.
У той самы дзень у мясцовым касцёле з рук біскупа Андрэя Зноскі атрымалі сакрамант Хросту трое родных паміж сабой дзяцей. Іерарх пажадаў, каб дзеці раслі здаровымі і разумнымі, паслухмянымі сваім бацькам і Божым запаведзям, а зерні веры, надзеі і любові, пасеяныя ў іх сэрцах, каб выдалі багаты плён.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






