Skip to main content

Урачыстасці ў гонар бласлаўлёных мучаніц прайшлі ў Навагрудку

photo 2026 07 31 18 20 1931 ліпеня – 1 жніўня ў Навагрудку адзначылі 83-ю гадавіну мучаніцкай смерці бласлаўлёных сясцёр назарэтанак, якія загінулі ў 1943 годзе ў час Другой сусветнай вайны.

Сёлета прайшло 83 гады з таго дня, як сёстры Марыя Стэла і 10 яе паплечніц, якія служылі ў Навагрудку, былі расстраляны нацыстамі.

Урачыстасці распачаліся св. Імшой у Батароўскім лесе. Эўхарыстыю на месцы мучаніцкай смерці манахінь узначаліў біскуп-эмерыт Аляксандр Кашкевіч. У літургіі ўдзельнічалі таксама іншыя святары, манаскія сёстры, удзельнікі пешых пілігрымак з Ліды, Дзятлава і Новай Мышы (Пінская дыяцэзія), з якой пілігрымка ў Навагрудак на ўспамін смерці бласлаўлёных мучаніц здзяйсняецца з 1997 года.

На св. Імшы аддалі пашану мучаніцам, памаліліся аб веры і адвазе для будучых пакаленняў і аб міры ва ўсім свеце.

photo 2026 07 31 21 55 28

У гаміліі кс. Ян Раманоўскі, рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, падкрэсліў цану ахвяры, якую прынеслі манахіні, ахвяраваўшы сваё жыццём за бацькаў сем’яў і жыхароў Навагрудка. Святар заклікаў па прыкладзе бласлаўлёных сясцёр з мужнасцю сведчыць пра Хрыста.

Напрыканцы Эўхарыстыі біскуп Аляксандр падзякаваў усім прысутным, а асабліва пілігрымам, якія прыбылі ў пешых паломніцтвах, за іх сведчанне веры і гераізм, з якім смела ішлі па дарогах нашай краіны.

Затым у касцёле Перамянення Пана, што з’яўляецца санктуарыем бласлаўлёных сясцёр мучаніц, адбылося начное чуванне, якое ўключала адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту, канферэнцыю, Ружанец, Крыжовы шлях.

Урачыстасці завяршыліся ранішняй св. Імшой, якая распачалася ў 4:30 – прыблізны час мучаніцкай смерці сясцёр назарэтанак.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Кацярына Паўлоўская