1 жніўня адбылася пілігрымка з Гродна ў дыяцэзіяльны санктуарый у Росі. Там знаходзіцца цудадзейная фігура Езуса Журботнага, якой больш за 400 гадоў і якая праславілася шматлікімі ласкамі, атрыманымі мноствам людзей.
У паломніцтве, якое праходзіла пад дэвізам “Я пасылаю вас” (Ян 20, 21), удзельнічала больш за 300 чалавек з розных месцаў Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама з Расіі.
Пілігрымка распачалася ранішняй малітвай у касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах (дэканат Вялікая Бераставіца), куды ўдзельнікі дабраліся на аўтобусах або на ўласным транспарце. Пробашч парафіі кс. Алег Канановіч удзяліў пілігрымам бласлаўленне на дарогу, а таксама папрасіў памятаць у малітвах аб яго парафіяльнай супольнасці.
Сёлета шлях быў для пілігрымаў вельмі прыемным дзякуючы спрыяльнаму надвор’ю: свяціла сонца, веяў лёгкі ветрык. Па традыцыі на кожным прыпынку пілігрымы маглі наталіць смагу гарачай мятай, а на першым прывале – пачаставацца кавай у мабільнай кавярні.
У дарозе маліліся Ружанцам, падчас якога паломнікі даручалі Богу праз Марыю свае інтэнцыі. Іх агучваў семінарыст Павел Догель.
Як кожны год, абед для пілігрымаў прыгатавалі вернікі парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Рэплі на чале з пробашчам парафіі кс. Юрыем Садоўскім, які ля касцёльнай брамы вітаў і акрапляў усіх асвячонай вадой.
Жыхары вёскі Дулеўцы прыгатавалі пілігрымам пачастунак (слодычы і садавіну) і з ахвотай памаліліся разам.

Падчас канферэнцыі кіраўнік пілігрымкі кс. канонік Юрый Марціновіч спаслаўся на яе сёлетні дэвіз. Падкрэсліў, што “вера – гэта самае яркае святло, якое мы атрымалі ад Бога”. Святар заахвоціў вернікаў быць святлом менавіта там, дзе цёмна.
У Вяночку да Божай Міласэрнасці пілігрымы прасілі Бога аб міры ва ўсім свеце, маліліся за маладых людзей, якія згубіліся на шляхах жыцця, і за грэшнікаў.
На працягу ўжо некалькіх гадоў паломніцтва з Гродна ў Рось мае сваю адметнасць: тыя, хто ўдзельнічае ў ім упершыню, павінны за дзень зрабіць сабе вянкі з палявых кветак і першымі ўвайсці ў іх у санктуарый. Сёлета такіх людзей было ў пілігрымцы шмат, для многіх уваход у Рось – важны і хвалюючы момант.
На заканчэнне шляху кс. Юрый Марціновіч падзякаваў пілігрымам за ўдзел, службам пілігрымкі – за дапамогу ў яе арганізацыі і паспяховым правядзенні.
Таксама святар сказаў, што вера пілігрымаў дазволіла ім дайсці да мэты шляху, каб “зірнуць у міласэрныя, поўныя любові, дабрыні і цеплыні вочы Езуса Журботнага”, якія “глядзяць на іх з чуласцю, а сёлета быццам заахвочваюць кожнага, згодна з дэвізам падарожжа, быць сведкамі веры ў сваім асяроддзі.
Кусташ санктуарыя кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч, як звычайна, прывітаў пілігрымаў на парозе святыні і запрасіў на сустрэчу з Богам.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Артур Антушэвіч






