26 ліпеня ў парафіі св. Арханёла Міхала ў Міхалішках (Астравецкі дэканат) біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй удзяліў сакрамэнт канфірмацыі і асвяціў адноўленыя алтары.
У гэты дзень у парафіі адзначалася адпустовая ўрачыстасць у гонар святой Ганны, маці Панны Марыі. На літургіі, якую цэлебраваў у старадаўнім парафіяльным касцёле біскуп, прысутнічалі шматлікія парафіяне, госці, духавенства дэканату.
У гаміліі біскуп назваў святую Ганну “жанчынай вялікай веры, пакоры і вернасці”, адзначыў, што адпустовая ўрачыстасць – “заклік Бога паглядзець на сваё жыццё ў святле Евангелля і задаць сабе пытанне: што сапраўды мае каштоўнасць у маім жыцці?”.
Разважаючы над літургічнымі чытаннямі гэтага дня, іерарх звярнуў увагу, што “без Божага святла чалавек не здольны добра адрозніць дабро ад зла, праўду ад хлусні, сапраўднае шчасце ад яго падробкі”. “Чалавецтва валодае неверагоднымі тэхнічнымі магчымасцямі, але вельмі часта губляе мудрасць сэрца. Мы навучыліся будаваць вялікія гарады, але не заўсёды ўмеем будаваць трывалыя сем’і. Мы можам хутка перадаваць інфармацыю на іншы канец зямлі, але ўсё цяжэй становіцца перадаваць веру сваім дзецям. Мы шмат ведаем, але не заўсёды ведаем, як правільна жыць, – сказаў біскуп. – Таму сапраўдная мудрасць заўсёды застаецца дарам Бога”. Па словах іерарха, святая Ганна “добра разумела гэта”, “разумела, што самае вялікае багацце бацькоў – не зямля, не грошы, не чалавечая слава, а дзіця, якое ведае Бога”, “разам са святым Яўхімам яна выхоўвала Марыю ў атмасферы малітвы, любові і даверу Пану”.

Біскуп дадаў, што “самая лепшая адукацыя не заменіць чалавеку жывой веры” і што “дзеці вучацца не столькі ад нашых словаў, колькі ад нашага жыцця”. Паколькі святая Ганна – апякунка бабуль і дзядуляў, ён сказаў: “У сучасным свеце вельмі часта менавіта старэйшае пакаленне становіцца захавальнікам веры. (…) Ніколі не думайце, што ваша місія ўжо скончылася”.
Прыводзячы прыклад з жыцця гэтай святой, біскуп адзначыў, што “Бог адказвае не тады, калі гэтага хочам мы, а калі гэта сапраўды служыць нашаму збаўленню”, і што “таму хрысціянін ніколі не павінен губляць надзеі”.
Каментуючы фрагмент Евангелля аб Божым Валадарстве, іерарх заўважыў: “Калі чалавек сапраўды сустрэне Хрыста, разумее, што знайшоў найбольшы скарб свайго жыцця. На жаль, многія ўсё жыццё шукаюць іншыя “скарбы”. (…) Памятайма: толькі адзін скарб чалавек можа ўзяць з сабою ў вечнасць – гэта вера, любоў і жыццё ў Божай ласцы. Менавіта гэты скарб знайшла святая Ганна”.
Парафіянам, якія прыступалі ў гэты дзень да канфірмацыі, біскуп сказаў, што Дух Святы, які паводле вучэння Касцёла сыходзіць на верніка ў гэтым сакрамэнце, “не робіць чалавека знакамітым, святым, не забірае жыццёвых цяжкасцяў, а дае сілу іх пераадольваць, не вызваляе ад адказнасці, а вучыць ёй, не прымушае верыць, а адкрывае сэрца чалавека для веры”.
Біскуп нагадаў, што канфірмацыя – не заканчэнне рэлігійнай адукацыі, а “пачатак дарослага жыцця ў Касцёле”, заклікаў “не саромецца сваёй веры”, “не баяцца нядзельнай святой Імшы, споведзі”, “не баяцца быць іншымі, калі ўсе астатнія выбіраюць лёгкі шлях”, “памятаць словы Езуса: свету заўсёды патрэбныя людзі, якія не толькі гавораць пра праўду, але жывуць праўдай”.
“Парафіяльны адпуст нагадвае нам, што святыя не былі людзьмі незвычайнай прыроды, – падкрэсліў іерарх. – Але яны адрозніваліся ад іншых тым, што кожны дзень дазвалялі Богу весці сябе. Святая Ганна вучыць нас мудрасці, цярплівасці, вернасці сямейнаму пакліканню, любові да дзяцей і ўнукаў, нястомнай малітве і даверу Божаму Провіду. Няхай яна выпрошвае для ўсіх нашых сем’яў адзінства, згоду і святасць, для бацькоў – мудрасць у выхаванні дзяцей, для моладзі – адвагу жыць паводле Евангелля, для пажылых людзей – супакой і надзею, для ўсіх нас – сэрца, падобнае да сэрца Саламона, якое ўмее шукаць Божай мудрасці больш, чым зямных выгод”.
Канфірмаваныя і пробашч, дэкан Астравецкага дэканату кс. Анатоль Захарэўскі, выказалі біскупу падзяку за наведванне парафіяльнай супольнасці ў гэты важны для яе дзень.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






