Skip to main content

Абраз Маці Міласэрнасці сустрэлі ў лідскай парафіі Святой Сям'і

photo 2026 07 30 13 51 44 228 ліпеня абраз Маці Божай Міласэрнасці, які з нагоды 35-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі здзяйсняе перэгрынацыю па яе парафіях, прыбыў у парафію Святой Сям'і ў Лідзе.

Абраз урачыста сустрэлі шматлікія вернікі разам з пробашчам парафіі кс. Русланам Мазанам. У працэсіі абраз быў унесены ў касцёл і змешчаны каля алтара Божай Міласэрнасці: гэта сімвалічна падкрэсліла, што Панна Марыя - Маці Міласэрнасці, якая вядзе сваіх дзяцей да Езуса Хрыста.

Адбылася Імша, гамілію на якой прамовіў куратар пілігрымак у Лідскім дэканаце кс. Артур Ваўчкевіч. Ён звярнуў увагу на асаблівае месца Маці Міласэрнасці ў духоўнай спадчыне беларускага народа, нагадаў пра шматвяковую пашану да Маці Божай Вастрабрамскай і традыцыю пілігрымак у Вільню, калі вернікі з розных куткоў Беларусі ішлі пакланіцца цудатворнаму абразу і даверыць Багародзіцы свае радасці, клопаты і надзеі.

На працягу ўсяго часу знаходжання абраза ў парафіі вернікі збіраліся на малітву. Увечары 28 ліпеня пасля Імшы супольнасць "Маці ў малітве" правяла малітоўнае чуванне. У канцы сустрэчы пробашч распавёў пра гісторыю абраза Маці Божай Вастрабрамскай і яго значэнне ў развіцці культу Панны Марыі на беларускіх землях. Дзень завяршыўся традыцыйным заклікам да Маці Божай.

29 ліпеня касцёл быў адчынены ўвесь дзень, каб кожны мог зайсці, пабыць у цішыні перад абразом і даручыць Маці Міласэрнасці свае інтэнцыі. Увечары пасля Імшы прайшло чарговае малітоўнае чуванне, якое падрыхтавалі ўдзельнікі руху "Gloriosa Trinità" разам з моладдзю. У парафіі адзначаюць, што іх малітва стала "чарговым сведчаннем таго, што прысутнасць Маці Божай Міласэрнасці ў парафіі аб'ядноўвае людзей розных пакаленняў вакол Хрыста і Яго Евангелля".



Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі