Skip to main content

Біскуп Андрэй Зноска ўзначаліў святкаванне ўрачыстасці ў Глебавічах

photo 2026 07 30 10 15 2126 ліпеня ў капліцы св. Ганны ў Глебавічах, якая адносіцца да парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Макараўцах (дэканат Гродна-Захад), прайшло святкаванне традыцыйнага фэсту ў гонар святой Ганны.

Фэст на гары святой Ганны штогод збірае сотні вернікаў, многія з якіх ужо не жывуць ва ўсё больш пусцеючых засценках і ваколіцах, а прыязджаюць у гэтае месца сваіх продкаў з Гродна, Мінска і нават Варшавы (Польшча). Капліца знаходзіцца на вялікім пагорку, акружаным жытнёвымі палямі, садамі і цяпліцамі, якімі славяцца мясцовыя жыхары.

Імшу цэлебраваў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска разам з пробашчам парафіі ў Макараўцах кс. Паўлам Беланосам, пад душпастырскай апекай якога знаходзіцца капліца ў Глебавічах, дэканам Бераставіцкага дэканату кс. Андрэем Казлоўскім і эканомам Гродзенскай дыяцэзіі кс. Віталіем Дабраловічам. Пробашч парафіі ў Індуры кс. Ігар Анісімаў на працягу ўсёй літургіі ўдзяляў сакрамэнт пакаяння шматлікім вернікам.

Біскуп сказаў, што цэлебруе гэтую Імшу як за цяперашніх глебавіцкіх парафіян, так і за “тых дзяцей, унукаў, праўнукаў, нашчадкаў, якія не забыліся, адкуль яны родам, і ганарацца сваёй шляхетнай Бацькаўшчынай” (Глебавічы звязаны са шляхецкім родам). Іерарх перадаў вернікам словы братэрскага прывітання і адзінства ў Пану ад “святых, якія збіраюцца на малітву ў Брэсце і Гомелі, Пінску і Мазыры, у Баранавічах і дзясятках парафій, рассеяных на землях Пінскай дыяцэзіі”.
Парафіяне запэўнілі біскупа ў сваім адзінстве з усім Каталіцкім Касцёлам і таксама папрасілі перадаць прывітанне братам і сёстрам на поўдні Беларусі.

У гаміліі іерарх засяродзіўся на тэме мудрасці, нагадаўшы, што мудрасць з’яўляецца дарам Духа Святога. “Бывае, што чалавек завешае ўсю сцяну дыпломамі і сертыфікатамі аб адукацыі, а пагаворыш з ім – пустата. Мат-перамат, подласць і ніякай павагі да людзей. Мудрасць не вынікае з дыпломаў, яна прыходзіць з перажытымі сітуацыямі, у якіх мы пазнаем і радасць, і гора, з бяссоннымі ад трывогі начамі, са стратамі, – адзначыў біскуп. – Дар мудрасці дазваляе нам глядзець на жыццё іншымі вачыма, бачыць Божую руку і ў тым, што нам даспадобы, і ў тым, ад чаго вочы напаўняюцца слязьмі, а сэрца – болем”.

Біскуп нагадаў удзельнікам урачыстасці, што святая Ганна, бабуля Езуса Хрыста, лічыцца ў Касцёле апякункай пажылых людзей, дзядуль і бабуль. Іерарх сказаў: “Нізкі паклон вам, дарагія нашыя і заслужаныя вернікі старэйшага ўзросту, за скарб веры, які вы збераглі на нашай зямлі, за вашыя спрацаваныя рукі, якія яшчэ моцна трымаюць ружанец, за вашыя мудрыя словы, звернутыя да нас – маладых, неразумных: дзеткі, не кідайцеся, не спяшайцеся, не рызыкуйце, бойцеся Бога, бо ёсць Бог на свеце!”

У канцы набажэнства біскуп падзякаваў свайму сябру кс. Паўлу Беланосу за 25 гадоў служэння ў Макараўцах і пажадаў, каб на святарскім шляху яму заўсёды спадарожнічала заступніцтва Панны Марыі, Маці святароў.

Многія вернікі прызналіся, што са шчымлівым пачуццём слухалі словы біскупа, сказаныя на развітанне: “Мару, каб гэтыя цудоўныя засценкі і ваколіцы нашай зямлі, усе гэтыя Глебавічы, Сарасекі, Пачабуты, Макараўцы і Індуры, не пусцелі, а прыбывалі людзьмі, якія знойдуць тут працу і шчасце, пасадзяць сады і выгадуюць дзяцей у роднай Айчыне!”

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі