23 ліпеня вернікі парафіі св. Юрыя ў Варнянах (Астравецкі дэканат) здзейснілі аўтапілігрымку па святых і гістарычных месцах Гродзеншчыны, наведаўшы адзінаццаць значных пунктаў.
Як паведамляецца на сайце парафіі, гэтая аўтапілігрымка была шостай, у ёй удзельнічала 40 чалавек на чале з пробашчам кс. Віктарам Захарэўскім.
Па словах удзельнікаў, багаты духоўны маршрут дазволіў паглыбіцца ў малітву, пазнаёміцца з унікальнай архітэктурнай спадчынай і адчуць моц хрысціянскіх традыцый беларускай зямлі; падарожжа стала чарговай важнай старонкай у жыцці супольнасці.
Шлях пралягаў праз санктуарыі і касцёлы Воранаўшчыны і Іўеўшчыны. Галоўным цэнтрам малітвы ў дарозе стаў дыяцэзіяльны санктуарый Каралевы нашых сем’яў у Тракелях, дзе пілігрымы ўшанавалі цудадзейны абраз, удзельнічалі ў Імшы і даручылі Панне Марыі інтэнцыі сваіх сем'яў.
Далейшы маршрут дазволіў убачыць унікальныя архітэктурныя помнікі розных эпох і стыляў. Удзельнікі адзначаюць, што кожны з гэтых помнікаў уражваў сваёй веліччу, адкрываў багатую гісторыю рэгіёна. Касцёл святога Юрыя ў Асаве стаў для іх сапраўдным адкрыццём: ён "літаральна паланіў сэрцы пілігрымаў незвычайнай прыгажосцю і самабытнасцю, захаваўшы жывое цяпло ўнікальнага дойлідства і дух шчырай народнай веры".
Пра касцёл Адшукання Святога Крыжа ў Жырмунах пілігрымы кажуць, што ён "зачараваў гармоніяй і рэдкімі рысамі драўлянага класіцызму", пра касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Начы - што "ўразіў строгай, узнёслай прыгажосцю неагатычных вежаў, якія імкнуцца ў неба", пра старадаўні касцёл Святой Тройцы ў Германішках з бутавага каменю - што запомніўся "магутнай, амаль суровай прыгажосцю, якая сімвалізуе непахіснасць веры".
У Беняконях каля касцёла св. Яна Хрысціцеля вернікі "паглыбіліся ў гісторыка-літаратурны кантэкст" і наведалі магілу Марылі Верашчакі — каханай паэта Адама Міцкевіча. У касцёле Маці Божай Ружанцовай у Радуні пазнаёміліся з жыццём парафіі, у касцёле Божай Міласэрнасці ў Воранаве адбылася малітва Вяночка да Божай Міласэрнасці. Касцёл святога Мікалая ў Геранёнах запомніўся ўнікальнымі фрэскамі, святога Уладзіслава ў Суботніках - не толькі тым, што з'яўляецца адзінай беларускай святыняй з такім тытулам, і не толькі раскошнай родавай крыптай магнатаў Умястоўскіх, але і сваёй гісторыяй: ён ні разу не зачыняўся, у савецкія часы вернікі дзесяцігоддзямі без святара ахоўвалі сваю супольнасць.

Канцавым пунктам пілігрымкі стала наведванне Жамыслаўля - па словах удзельнікаў, "вельмі маляўнічы акорд падарожжа". Там у капліцы Хрыста Валадара, пабудаванай у 2000 годзе, яны падзякавалі Богу за шчаслівую дарогу і атрыманыя ласкі.
"Паездка пакінула глыбокі след у сэрцах усіх удзельнікаў і падарыла шмат цёплых душпастырскіх сустрэч", - кажуць вернікі. Яны выказваюць удзячнасць святарам, якія "адчынялі дзверы сваіх святыняў, удзялялі благаслаўленне, праводзілі захапляльныя, глыбокія экскурсіі, адкрываючы таямніцы мясцовай гісторыі", і свайму пробашчу "за выдатную арганізацыю пілігрымкі, душпастырскі клопат, нястомную энергію, бацькоўскае кіраўніцтва і за тое, што кожнае такое падарожжа становіцца не проста экскурсіяй, а сапраўдным штуршком для ўмацавання асабістай веры, аднаўлення сіл і яшчэ большага згуртавання парафіяльнай сям'і".






