Skip to main content

Шляхам мучанікаў: з Гродна адбыліся пілігрымкі ў навумавіцкі лес

photo 2026 07 21 15 52 1118 ліпеня адбылiся пешыя пілігрымкі з Гродна на фарты ў Навумавічах – месца спачыну ахвяр Другой сусветнай вайны, шматлікіх жыхароў Гродна і Ліпска, сярод якіх благаслаўлёная Мар’яна Бярнацкая: яны былі расстраляны гітлераўцамі і пахаваны ў гэтым месцы.

Першая з гэтых пілігрымак шляхам мучанікаў нашай зямлі, як іх называюць удзельнікі, ішла з гродзенскага касцёла Маці Божай Анёльскай, кіраўніком быў кс. канонік Антоні Грэмза. У ходзе пілігрымкі яе ўдзельнікам, прадстаўнікам розных пакаленняў, прапаноўвалася паразважаць над прыкладам веры тых, хто застаўся да канца адданы Езусу Хрысту і Яго Евангеллю.

Другая пілігрымка ішла з гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай, кіраўніком быў пробашч гэтай парафіі кс. канонік Юрый Марціновіч. Удзельнікі мелі магчымасць падзякаваць Богу за дар нябеснай апякункі парафіі і памаліцца аб тым, каб быць супольнасцю, якая будуецца на ахвярнай любові.

photo 2026 07 21 15 52 32

Таксама ў пілігрымках маліліся аб міры для ўсяго свету, асабліва для краін, якія закрануты ваеннымі канфліктамі і дзе праліваецца кроў нявінных людзей; ва ўдзельнікаў былі і ўласныя інтэнцыі малітвы.

На фартах у Навумавічах адбылася Імша з нагоды 83-й гадавіны смерці Мар’яны Бярнацкай і іншых мучанікаў вайны. Пілігрымы, дасягнуўшы навумавіцкага лесу, мелі магчымасць падзякаваць Богу за гэтае падарожжа і за сведчанне веры мучанікаў. “Яны і сённяшніх людзей просяць быць адважнымі – адважнымі ў штодзённым жыцці, дома, на працы, вучобе і ва ўсіх іншых месцах, куды іх пашле Божы Провід”, – адзначаюць удзельнікі пілігрымак.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Артур Антушэвіч